Naka: Не разумею, чым менавіта мы нанеслі Моўчану шкоду на 18 мільёнаў!

Аўтар песні "Малітва", кампазітар Алег Моўчан, падаў у суд на Анастасію Шпакоўскую, лідарку гурта Naka, за тое, што яна без дазволу перарабіла музыку да яго песні і публічна выканала яе на прэзентацыі праекта Re:Песняры. Анастасія ў сваю чаргу мяркуе, што "Малітва" належыць не толькі Моўчану, маўляў, ствараў кампазітар яе разам з Уладзімірам Мулявіным, у выкананні якога твор, уласна, і набыў статус "духоўнага гімну" Беларусі. Цяпер Анастасіі трэба даказаць сваю рацыю ў судзе.

Еўрарадыё: Калі б ты магла сабе ўявіць, што праца з песняй "Песняроў" скончыцца судом, ты б пагадзілася на ўдзел у праекце Re:Песняры?

Анастасія Шпакоўская: Не, ніколі ў жыцці! Нават немагчыма было сабе ўявіць!

У Мінску пачаўся суд па іску кампазітара Моўчана да Шпакоўскай

Еўрарадыё: Кампазітар Алег Моўчан вінаваціць цябе ў тым, што ты без дазволу перарабіла музыку да яго песні "Малітва", і такім чынам спрабуе абараніць сваё аўтарскае права на гэты твор.

Анастасія Шпакоўская: Я не аспрэчваю тое, што Алег Моўчан з'яўляецца аўтарам музыкі да песні "Малітва". Але лічу, што ён ствараў яе сумесна з Уладзімірам Мулявіным. І ўсе сведчанні, якія мы маем цяпер ад пэўных людзей, інфармацыя, якую знайшлі ў друкаваным выглядзе ў энцыклапедыях, толькі пацвярджаюць, што ніякіх ні маральных, ні юрыдычных падставаў на аўтарскія правы ў Алега Моўчана быць не можа.

Спачатку мы не разумелі вось чаго: калі нават мы і парушылі права, дык чаму такі вялікі штраф? І на папярэднім слуханні я прапанавала Алегу Уладзіміравічу, разумеючы, што гэта ў разы перавышае звычайную стаўку за разавае выкананне, "міравую" і мільён. Але яго гэта не задаволіла. Што чарговы раз пацвярджае думку, што чалавек проста "вымагае" сабе гэтай песняй на жыццё, тым больш што мы ведаем выпадкі, калі ў дасудовых "міравых" кампазітар ужо браў грошы за выкарыстанне гэтай песні.

У любым выпадку, цяпер я збіраюся ісці да канца, незалежна ад выніку суда. Бо я ўжо адчуваю свой абавязак перад гэтай песняй і перад тымі, хто ніколі без дазволу і без выплаты пэўнай сумы гэтую песню не зможа выканаць. Алег Уладзіміравіч адназначна даў зразумець, што ён аднаасобна будзе вырашаць, каму спяваць "Малітву", за колькі і дзе. Мне падаецца, што гэта несправядліва, тым больш калі казаць пра твор як пра песню ансамбля "Песняры" і Уладзіміра Мулявіна.

Еўрарадыё: І ўсё ж, па логіцы, ці можна забараніць апрацоўку?

Анастасія Шпакоўская: Я ніколі не задавалася гэтым пытаннем: у мяне было дастаткова свайго матэрыялу, каб не задумвацца пра гэта. Двойчы я стварала песні, дзе выкарыстоўвала чужыя тэксты цалкам ці часткова, і гэтыя пытанні рэгуляваліся з перакладчыкам Лоркі, з паэтам, які пісаў для Тані Буланавай, — з людзьмі іншага ўзроўню. Мы ездзілі ў Маскву, ставілі песню, і гэта ўсё вырашалася без ніякіх пытанняў. Ніхто не тое што грашовага ўзнагароджання не патрабаваў, ні ў кога не было ніякіх сумневаў наконт таго, што я не збіраюся разжыцца на гэтым і зрабіць сабе імя. Таму гэты прэцэдэнт для мяне дзікі, незразумелы, і палохае тое, што вялікая колькасць людзей лічыць, што Моўчан мае рацыю. Я не магу зразумець, чым менавіта мы нанеслі яму матэрыяльную шкоду на 18 мільёнаў!

Еўрарадыё: Апрацоўка музыкі да "Малітвы", якая атрымалася ў гурта Naka, — гэта ўсё ж версія аранжыроўкі Моўчана ці самастойны твор?

Анастасія Шпакоўская: Калі шчыра, мне цяжка цяпер казаць пра ўсе гэтыя нюансы, бо я крыху заблыталася і не магу зразумець, за што ўсё ж нас судзяць: то выстаўляецца абвінавачанне за разавае выкананне, то за перапрацоўку. У межах праекта Сяргеем Будкіным была агучаная задача не рабіць новы твор на тэкст Купалы, а зрабіць кавер на песню "Малітва", то бок песня мусіла захоўваць арыгінальныя рысы. У мяне не было мэты праславіцца за кошт гэтай песні, як цяпер некаторыя сцвярджаюць, як і не было вострага недахопу матэрыялу. Дзякуй Богу, да працы з гэтай песняй я выпусціла чатыры альбомы з уласнымі песнямі, дзе я аўтар і музыкі і словаў. Лічу, што мы з гуртом зрабілі тую версію, якая адпавядае нам як асобам, і я, як лідар гурта, хацела, каб "Малітва" выглядала менавіта так.

Каму належыць "Малітва" — Моўчану ці "Песнярам"?

Еўрарадыё: На тваю думку, тая версія, якая атрымалася ў Naka, лепшая за арыгінал ці горшая?

Анастасія Шпакоўская: Яна ўвогуле іншая. Гэта ўвогуле проста розныя творы, і параўноўваць іх не мае сэнсу. Праўда, нашу версію больш ніхто не пачуе. Хіба што ў выпадку, калі будзе даказана, што Алег Моўчан не мае выключнага права на гэтую песню.

Еўрарадыё: А ты спадзяешся, што гэта будзе даказана?

Анастасія Шпакоўская: Было б вельмі добра, калі б так сталася, але я не спадзяюся на гэта, бо разумею, што гэты чалавек зрабіў усё, каб у яго з гэтай песняй было ўсё ўзаконена. Я разумею, што маю справу з моцным сапернікам.

Еўрарадыё: Алег Моўчан кажа, што не бачыць сябе ў вашай версіі, і мяркуе, што чамусьці аўтар мусіць быць бачны ў любой перапрацоўцы.

Анастасія Шпакоўская: Тут трэба агучыць важны факт, з якога пачаўся выступ у судзе сведкі Сяргея Будкіна. Да выступу Сяргея мы доўга слухалі пра тое, як асабіста быў абражаны Алег Моўчан апрацоўкай гурта Naka, як ён не ўбачыў сябе, як пачварна, фальшыва быў перакручаны "святы" твор. Але Сяргей Будкін пачаў свой выступ з таго, што паказаў раздрукоўку пачатку сваіх перамоваў з Алегам Моўчанам па ўрэгуляванні аўтарскіх правоў на гэтую песню. Яны пачыналіся такім чынам (факт можна пацвердзіць у Будкіна): "Добры дзень, Алег Уладзіміравіч. Хочам выкарыстаць вашу песню ў канцэрце памяці "Песняроў". На што Сяргей адразу атрымаў адказ: "Вам нельга" — і спасылку на разгромную рэцэнзію Сяргея на альбом жонкі Моўчана Ірыны Відавай на сайце Experty.by. То бок пытання пра тое, хто будзе рабіць гэтую песню і ў якім яна будзе выглядзе, не стаяла ўвогуле.

Еўрарадыё: То бок, мяркуеш, калі б не Будкін, Алег Моўчан мог бы пабачыць сябе ў гэтай песні?

Анастасія Шпакоўская: Мне падаецца, што грошы — гэта самае галоўнае, чаго хоча пазоўнік. І гэта відавочна. Таму што адзін мільён яго не задаволіў, а вось 18 — іншая справа!

Еўрарадыё: Уяві сабе сітуацыю: Алег Моўчан вырашыў перапрацаваць песню гурта Naka і выканаць яе на Свяце горада. Як бы ты на гэта адрэагавала, калі б табе таксама не спадабалася яго версія?

Анастасія Шпакоўская: Па-першае, трэба разумець, што адказнасць за новую версію ляжыць на тым, хто яе зрабіў. Калі некага не задавальняе, раздражняе, падаецца страшнай версія гурта Naka, гэта праблема гурта, а не Моўчана. Ніхто ж не выдаліў з усіх магчымых крыніц арыгінал, не сказаў, што "Малітва" мусіць быць толькі такой і г.д. То бок, калі мы некага і падставілі, дык у першую чаргу сябе!

Еўрарадыё: То бок рэпутацыя кампазітара не пацярпела?

Анастасія Шпакоўская: Я не разумею, у якім з пунктаў яна пацярпела! Калі б ён рабіў яе разам з намі, і мы так "праваліліся", калі б ён дапамагаў... Дзе, у чым пацярпела рэпутацыя? Ён мне кажа, што я спяваю фальшыва, а з музыкамі размаўляе так, нібыта яны точаць алоўкі ў яго дома. А насамрэч усе музыкі гурта — прафесіяналы з вышэйшай музычнай адукацыяй, у адрозненне ад самога Алега Уладзіміравіча Моўчана, у якога вышэйшай музычнай адукацыі, як выявілася ў працэсе нашага даследвання, няма.

Песня "Малітва" — гэта сапраўды духоўны гімн Беларусі. Але яна стала духоўным гімнам Беларусі таму, што яе спяваў Уладзімір Мулявін, наш "Пясняр", а не таму, што яе напісаў ці праспяваў Моўчан. А цяпер, атрымліваецца, мы ўсе будзем залежаць ад чалавека, які будзе вырашаць, колькі трэба плаціць за выкананне. Дзе тут справядлівасць? Нават адкінуўшы гурт Naka, возьмем таго ж Пятра Ялфімава, які таксама пацярпеў ад таго, што рызыкнуў праспяваць "Малітву". І колькі такіх людзей, пра якіх мы не ведаем? Нават цікава даць кліч: "Хто яшчэ плаціў за "Малітву"?

Еўрарадыё: Але ўсё ж суддзя настойвае, што ёсць рэч і яе гаспадар. А вы ўзялі і скарысталіся ёй без дазволу.

Анастасія Шпакоўская: Ці гаспадар ён гэтай рэчы — гэта я і хачу высветліць. Таму што пакуль я не бачу ніякіх фактаў, якія адназначна пацвярджаюць тое, што толькі яму належыць гэтая рэч.

Еўрарадыё: Але калі ўсё ж суд падтрымае пазіцыю Моўчана і вырашыць, што яму належаць выключныя правы на "Малітву"?

Анастасія Шпакоўская: Тады я буду разумець, што юрыспрудэнцыя і закон і мараль і справядлівасць — гэта розныя рэчы. Я запытала ў Алега Уладзіміравіча: калі б "Малітву" не спяваў Мулявін, калі б не верш Янкі Купалы, ці была б гэтая музыка Алега Моўчана такім каштоўным для Беларусі творам? На што ён мне адказаў нешта кшталту “сама напішы штосьці вартае і ўбачыш”. Гэтае пытанне можа задаць сабе кожны чалавек, які цікавіцца гэтай тэмай.

Еўрарадыё: Ты ведаеш яшчэ якія-небудзь песні Алега Моўчана апроч "Малітвы"?

Анастасія Шпакоўская: Не. Я паслухала дзве песні Ірыны Відавай — "Я к тебе лечу, я тебя хочу"... так, паслухала.

Еўрарадыё: Чаму ты вырашыла абараняцца без адваката?

Анастасія Шпакоўская: Таму што, па-першае, я не лічу сябе злачынцам. А тое, што мы зрабілі перапрацоўку, і тое, што не было на гэта атрымана дазволу... на маю думку, гэта ад пачатку былі праблемы арганізатара і прадзюсара, а не гурта. Таму што ніхто з удзельнікаў праекта асабіста дамовамі з аўтарамі не займаўся. Адпаведна, калі мне "прад'яўляюць" перапрацоўку, то я не бачу ніякага складу злачынства. Калі мяне вінавацяць у тым, што я аднойчы выканала "Малітву" на канцэрце — гэта было некамерцыйнае выкарыстанне песні. Я сказала, што выконваю яе першы і апошні раз, і ў гэтым я таксама не бачу складу злачынства. У чым я яшчэ мушу сябе вінаваціць за "Малітву", я не ведаю. Таму мне незразумела, чаму чалавек, які так шчыра адстойвае аўтарскае права, на баку якога справядлівасць, праўда, ідзе з адвакатам і фактычна сам нічога не каментуе — гэта за яго робіць яго прадстаўнік.

Еўрарадыё: Як музыкі паставіліся да таго, што сталі суадказчыкамі па справе і ім, калі суд стане на бок Моўчана, давядзецца таксама плаціць спагнанне?

Анастасія Шпакоўская: Па-першае, усе музыкі — адэкватныя людзі, якія разумеюць, з кім маюць справу. Але, натуральна, мне хочацца прыбраць іх з гэтай гісторыі.

Еўрарадыё: Як ты лічыш, навучаныя вашым досведам музыкі будуць рызыкаваць і звяртацца да спадчыны "Песняроў" у найбліжэйшай будучыні?

Анастасія Шпакоўская: Думаю, што жаданне звязвацца канкрэтна з Алегам Уладзіміравічам адпадзе ў музыкаў надоўга. І я шчыра жадаю, каб ніхто не звяртаўся, калі не хоча “папасці” на грошы, у суды і змарнаваць свой час абсалютна бяздарна.

Еўрарадыё: Ці маеш сілы ў такі няпросты для сябе час займацца музыкай?

Анастасія Шпакоўская: Так, натуральна. Мы рыхтуем новы, беларускамоўны альбом. Але я амаль не сплю, і мае дзеці хутка мяне не будуць пазнаваць. Аднак я займаюся тым, чым займалася раней, і не збіраюся рабіць паўзу.

18 мільёнаў, якія патрабуе Алег Моўчан, раздзеляць паміж музыкамі Naka?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі