“Нам сказалі, што возьмуць у гімназію, калі мы гатовыя ўкладаць у гімназію”

Мінчанка Алена мае трох дзетак, двое з іх ходзяць у школу ва Уруччы. Штомесяц яна здае па 50 000 рублёў “на патрэбы класа” на чацьверакласніка. Што хаваецца пад гэтымі патрэбамі, жанчына не ведае, хоць падкрэслівае, што “паборы” у яе школе — “чалавечыя”.

“Я калі вучылася, у нас такога не было, бацькі ні капейкі не аддавалі на школу. А тут паборы і даволі не маленькія. У чацвёртым класе мы аддаём 50 тысяч штомесяц, а ў першым — па 200 тысяч рублёў. Але на колькі гэта, незразумела, на год ці паўгода. Незразумела, і куды гэтыя грошы пойдуць. Кажуць, нажніцы будуць купляць, дні нараджэння дзецям, вокладкі", — кажа Алена.

Але прызнаецца, што не супраць здаваць грошы на падарункі настаўніку, дні нараджэння у класе, на ваду. Маці не разумее, чаму яна павінна складвацца на рамонт у класе?

"Бацькі рамонт у школе рабіць не павінны. Школа дзяржаўная, за яе адказвае дзяржава. Адукацыя у нас жа бясплатная?" — пытаецца Алёна. Жанчына лічыць выдаткі на школу на чацвёртакласніка: 450 000 рублёў за год, плюс, штомесячнае харчаванне — атрымліваецца круглая сума. Алене яе трэба павялічваць у два разы, бо двое дзяцей-школьнікаў.

Зусім па-іншаму настроеная мама з Гродна Марына. Яе дачка ў выпускной групе дзіцячага сада. Бацькі збіраюць па дзве базавыя велічыні ў пачатку і канцы года на спецрахунак. А таксама на пачатку года бацькі кожнага дзіцяці атрымліваюць спіс для пакупак. У спіс уключаныя ўсе расходнікі на групу. Напрыклад, Марыне трэба купіць банку мыйнага сродку для посуду. 20 слоікаў мыйных сродкаў на год?!

У Марыны ні разу не было сумненняў, куды ідуць яе грошы.

"Вось, у гэтым годзе мы купілі крэслы дзецям. Адно крэсла каштуе 200 тысяч рублёў. Нехта купіў дошку. Ну і што, што дошка застанецца іншым дзецям, што зробіш?"Марына кажа, што некаторыя бацькі не здаюць грошы. Але сама яна так рабіць дакладна не будзе, бо дзіця могуць зневажаць. Пакуль што мама маральна рыхтуецца да пабораў у школе. Кажа, у гімназіі бацькі ў парадку рэчаў скідваюцца на прынтары, сканеры, праектары.

"Нам, дапусцім, сказалі, што возьмуць у гімназію, калі мы гатовыя ўкладаць у гімназію. Але гэта і неабходна. Калі ў дзіцяці дома тэхніка лепшая, чым у школе, гэта ненармальна! Калі настаўнік не можа купіць за сваю зарплату кніжку за 500 тысяч, а бацькі могуць, то чаму б і не? Мне здаецца, калі хочаш, каб тваё дзіця добра вучылася, каб яго навучылі чытаць, трэба ўкладаць!" — будучыя школьныя выдаткі акрамя сняданкаў-абедаў Марына ўспрымае як дадзенае. Трэба — значыць, будзе.

А вось у выхавацеля дзіцячага садка Ірэны двое дзяцей ходзяць у школу. Штомесяц яна сама здае грошы на школу і штомесяц раздае заданні бацькам яе выхаванцаў на паборы ў дзіцячым садку. Такі занятак прыносіць мала радасці, але нічога не зробіш:

"Выхавацель будзе сам купляць за свае сродкі грошы на мыйныя, на паперу? У нас заробак — 3,5 мільёна. Калі не бацькі, дык нам нічога ніхто не дасць".

Дарэчы, як ў ліпені выказаўся намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік, на ўтрыманне аднаго дзіцяці ў садку ідзе 1,5-1,6 мільёнаў. Траціну аддаюць бацькі з сваёй кішэні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі