Наркадылеры не зніклі і шукаюць персанал для дастаўкі спайсаў (ФОТА)
Пасля выхаду Дэкрэта №6 “гандляры смерцю” не сышлі ў падполле. Плаціць за тавар прапаноўваюць праз плацёжныя сістэмы, арганізаваныя нашымі банкамі
Толькі на шосты дзень новага года ў міліцэйскіх зводках знаходзім паведамленне пра наркотыкі. У жыхара Ваўкавыска канфіскавалі насенне маку.
Нагадаем, што антынаркатычны Дэкрэт №6 набыў моц з 1 студзеня. Ён прадугледжвае для наркадылераў да 25 гадоў пазбаўлення волі. Але тыя працягваюць лютаваць.
Спайсы дагэтуль рэкламуюць як “легальныя” і “бяспечныя”
На самым папулярным у СНД інтэрнэт-форуме, дзе выстаўляюцца наркааб’явы і для Беларусі, жыццё віруе, як і раней. Сайт без праблем грузіцца з нашай краіны.
Дык вось за панядзелак 5-га студзеня там выставілі 14 наркааб’яваў па продажы спайсаў у нашых абласных і раённых цэнтрах. Некаторыя дылеры адначасова ахопліваюць па некалькі населеных пунктаў.
Да паўдня 6-га верасня на форуме дадалося яшчэ 15 такіх аб’яваў. Прадаючы курыльныя сумесі і псіхатропныя парашкі, дылеры нават усталёўваюць свой варыянт курсу долара — ад 11000 да 17000 рублёў.
А прадаюць смяротны тавар пры дапамозе так званых “закладак”.
Пры гэтым наркадылеры дагэтуль рэкламуюць свой тавар як “легальны” і “бяспечны”.
Перапіска з наркадылерам адбывалася 5-га студзеня
“Калі я пачну табе давяраць, дазволю рабіць па 25-30 закладак”
У той жа час пасля выхаду Дэкрэта праз аб’явы актыўна шукаюць так званых “мінёраў”. Гэта дробныя сошкі наркарынку. Яны раскладаюць тавар па схованках, адкуль псіхатропы ў сваю чаргу забіраюць пакупнікі.
“Яшчэ ніводнага майго супрацоўніка не ўзялі. Галоўнае, калі робіш закладку, быць асцярожным, каб ніхто гэтага не бачыў, — запрашае наркадылер да супрацы, калі яму пішам. — Ад цябе патрэбны залог у 800 к (тысяч рублёў, — Еўрарадыё). Пераводзіш грошы на рахунак, выязджаеш і праз закладку забіраеш 10 пакецікаў. Зраблю табе картку на чужое імя, на яе буду класці зарплату”.
Падчас “выпрабавальнага тэрміну” наркадылер абяцае 600 тысяч рублёў ганарару за дзень. У месяц пры пяцідзённым працоўным тыдні атрымліваецца менш за 1000 долараў нарказарплаты за такое “мінёрства”.
“А паспрабуй зарабі больш у легальнай сферы. А з часам, каля я пачну табе давяраць, дазволю рабіць па 25-30 закладак. Вось і лічы”, — заахвочвае наркадылер да супрацы.
“А ты не баішся, што высачаць і цябе?”
“Маё IP паказвае, што я знаходжуся ў Празе. Мяне ніколі не высачаць”.
Ці зможа дзяржава ўзяць пад кантроль інтэрнэт?
Беларускія наркаспажыўцы разлічваюцца за тавар праз электронныя плацёжныя сістэмы, што маюць дачыненне да канкрэтных беларускіх банкаў. Напрыклад, гэта EasyPay і WebMoney. Зразумела, што іх рабілі не для наркадылераў.
Але выяві нашы фінансавыя ўстановы пільнасць, перакрыць магчымасці закладак для дылераў і спажыўцоў можна было б яшчэ пару гадоў таму.
Перапіска з наркадылерам, адбывалася 5-га студзеня
Дэкрэтам №6 гэты пракол спрабуюць ліквідаваць. Новы закон патрабуе, каб стваральнікі электронных кашалькоў падлягалі абавязковай ідэнтыфікацыі.
“Ці магчыма ўзяць электронныя плацёжныя сістэмы пад абцас?” — цікавімся ў эксперта па інтэрнэт-бяспецы Аляксея Чарняева.
“У прынцыпе, адсочваць абвесткі і вызначаць, хто карыстаецца тымі ж рахункамі EasyPay, можна было і раней. Чаму наркадылераў было няпроста лавіць, пракаментаваць не магу, — разважае эксперт. — Можа, рэсурсаў для гэтага не хапала, можа, энтузіязму. А магчыма, і карупцыя грае ролю. Лічу, што ў бліжэйшай пэрспэктыве меры з плацёжнымі сістэмамі могуць ударыць па наркадылерах. Але ў аддаленай перспектыве — дык тут класічны бег навыперадкі: дылеры будуць шукаць новыя спосабы і ў пэўныя моманты апярэджваць паліцэйскія структуры. Канчатковага рашэння тут не існуе ў прынцыпе”.
Апроч плацёжных сістэм, завязаных на Беларусь, ёсць і міжнародныя праекты такога кшталту. Наркаспажыўцы любяць карыстацца сервісам “Яндекс.Деньги”. Таксама спажыўцам ужо прапаноўваюць расплачвацца крыптавалютай праз так званы Bitcoin. Але, каб разабрацца ў сістэме, патрэбны спрыт і розум. Не кожны спажывец разбярэцца.
“У выпадку з Bitcoin адсочваць дылераў больш складана. Аднак дадатковыя праблемы адначасова ўзнікаюць і ў гандляроў, і ў пакупнікоў, — працягвае Аляксей Чарняеў. — Ёсць сусветныя прыклады "біржаў" кшталту "Шаўковага Шляху" (буйная гандлёвая пляцоўка, дзе пераважна ладзіўся гандаль наркотыкамі. У 2013 годзе закрытая, — Еўрарадыё). Але той жа “Шаўковы шлях” быў-такі накрыты спецслужбамі. І гэта паказвае, што кампутары кампутарамі, а ў старой праверанай аператыўнай працы будуць вынікі і ў інфармацыйную эпоху”.
Атрымліваецца, што з-за магчымасцяў, звязаных з плацёжнымі сістэмамі і інтэрнэтам, спайсавыя наркадылеры пакуль не надта баяцца прэзідэнцкага дэкрэта. Цікава, ці даб’ецца дзяржава, каб сітуацыя змянілася карэнным чынам.