Народнаму артысту Беларусі Арнольду Памазану — 75 гадоў
З 1967 году акцёр грае на сцэне тэатру імя Янкі Купалы.
Арнольд Памазан нарадзіўся 14 чэрвеня 1939 году ў Камсамольску-на-Амуры ў сям’і працоўнага. Жаданне стаць артыстам прывяло яго спачатку ў акцёрскую студыю пры Львоўскім тэатры імя Марыі Занькавецкай, а затым — у Мінск. Тут ён стаў вольным слухачом, а затым і студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
У Купалаўскім тэатры Арнольд Памазан апынуўся адразу пасля заканчэння навучання ў інстытуце і зарэкамендаваў сябе як выдатны камедыйны і вострахарактарны акцёр. У гледачоў ён асацыюецца з вобразамі Адольфа Быкоўскага ў “Паўлінцы”, Чарнавуса ў “Хто смяецца апошнім”, Навума Прыгаворкі ў “Ідыліі”. Акцёр увасобіў на сцэне Купалаўскага дзясяткі вобразаў.
Званне народнага артыста Рэспублікі Беларусь Арнольд Памазан атрымаў у 1999 годзе.