Нарвежскія лыжніцы раяць Дар'і Домрачавай перайсці ў лыжныя гонкі
Двухразовая чэмпіёнка Алімпіяды ў Сочы, нарвежская лыжніца Марыт Б'ёрген лічыць, што беларуская біятланістка магла б паспяхова выступаць у гонках.
"Домрачава ў лыжных гонках? Гэта было б выдатна. У яе б атрымалася. Бергер пару гадоў таму займала чацвёртае месца ў лыжнай гонцы, Гёснер ў мінулым годзе на чэмпіянаце свету стала чацвёртай. Так што, думаю, што Домрачава магла б змагацца за медалі", — прыводзіць яе словы Sport.ru.
Напарніца Б'ёрген лыжніца Тэрэза Ёхаўг таксама ўпэўненая, што Домрачава можа заваёўваць медалі ў гонках.
Нагадаем, што беларуская спартсменка стала пераможцай у мас-старце на Алімпіядзе ў Сочы 17 лютага. У яе актыве тры залатыя медалі Алімпійскіх гульняў у Сочы — да гэтага яна выйграла гонку пераследу і індывідуальную гонку.
Сёння Домрачава выступіць у складзе жаночай зборнай Беларусі па біятлоне на эстафеце, якая пачнецца ў 17:30 паводле беларускага часу.
Фота — ctv.by