"Наша дэлегацыя адхіляе ацэнкі сітуацыі ў Беларусі" — Рачкоў у Вене

Сяргей Рачкоў і Алег Румо / t.me/housegovby/
Дэлегацыя Нацыянальнага сходу РБ ўдзельнічае ў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене. Яе кіраўнік, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў ужо выступіў. З паведамлення sb.by вынікае, што ў прамовах на сесіі прагучалі выказванні пра сітуацыю ў Беларусі, дзе не спыняюцца рэпрэсіі і налічваецца больш за 1200 палітвязняў (толькі прызнаных праваабаронцамі).
"Наша дэлегацыя адхіляе ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, якія прагучалі ў выступах, як неадпаведныя рэальнаму становішчу!", — заявіў Рачкоў. Відаць, прагучала ацэнка і "выбараў" у РБ, бо прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі заявіў, што Беларусь "не прымае спробы, у тым ліку пад прыкрыццём АБСЕ, дыктаваць нам, з кім сябраваць і якіх лідараў выбіраць".
Такім чынам, нават у адсутнасць на сесіі прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, Сяргею Рачкову і яго камандзе ў Вене давялося пахвалявацца.
У лютым мінулага года ў Вене на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ прадстаўнікі рэжыму не рашыліся паслухаць выступ Святланы Ціханоўскай — выйшлі з залы. Тады дэлегацыю ўзначальваў Андрэй Савіных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.