NATO пачынае самыя буйныя вучэнні з часоў халоднай вайны
У вучэннях возьмуць удзел усе краіны NATO
22 студзеня NATO пачынае самыя буйныя вучэнні з часоў халоднай вайны — Steadfast Defender 2024. У іх будзе задзейнічана каля 90 тысяч чалавек. Вучэнні працягнуцца да канца вясны і ахопяць тэрыторыю Еўропы ад Нарвегіі да Румыніі. Падчас іх сімулюецца канфлікт з "практычна роўным сапернікам". Мяркуецца, што будуць адпрацоўвацца дзеянні на выпадак нападу Расіі на тэрыторыю саюзнікаў, які прыводзіць у дзеянне артыкул 5 дамовы NATO аб калектыўнай абароне, паведамляе dw.com.
У Steadfast Defender возьмуць удзел усе краіны NATO, а таксама Швецыя, якая пакуль застаецца кандыдатам на ўступленне ў альянс.
Апошнія такія маштабныя вучэнні NATO правяло ў 1988 годзе, калі яшчэ існаваў СССР. У іх было задзейнічана больш за 125 тысяч вайскоўцаў.
У Steadfast Defender 2024 паўдзельнічаюць больш за 50 караблёў (у тым ліку і авіяносцы), больш за 80 знішчальнікаў, верталётаў і беспілотнікаў, не менш за 1,1 тысячы баявых машын.
Па словах кіраўніка вайсковага камітэта NATO Роба Баўэра, такі маштаб вучэнняў — гэта "дэманстрацыя новай гатоўнасці альянсу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.