У 2025-м РФ з дапамогай РБ можа зладзіць буйную атаку на краіны NATO — Bild
Вайскоўцы NATO, ілюстрацыйнае фота
Ужо ў 2025 годзе Расія можа зладзіць буйную атаку на ўсходні фланг NATO. Пра гэта гаворыцца ў сакрэтным дакуменце бундэсвера, піша выданне Bild.
У сакрэтным дакуменце Мінабароны Германіі апісваецца гіпатэтычны "шлях да канфлікту" паміж Расіяй і NATO. Кульмінацыяй сюжэту з'яўляецца размяшчэнне соцень тысяч салдатаў NATO і пачатак вайны ўлетку 2025 года.
У сцэнары мяркуецца, што Расіі ўдасца адкінуць украінскае войска далей. Потым Масква будзе выкарыстоўваць кібератакі ды іншыя формы вайны супраць заходніх краін, найперш — супраць Балтыі. Адбудуцца сутыкненні, якія Крэмль скарыстае як падставу для пачатку маштабных вучэнняў на сваёй тэрыторыі і ў Беларусі.
У снежні 2024-га ў раёне Сувалкскага калідора прагназуецца штучна выкліканы "памежны канфлікт" і беспарадкі са шматлікімі ахвярамі. І пакуль ЗША пасля прэзідэнцкіх выбараў могуць застацца на нейкі час без лідара, Расія пры падтрымцы афіцыйнага Мінска паўторыць на тэрыторыі NATO уварванне 2014 года ва Украіну. Толькі ў траўні 2025-га NATO, паводле сцэнару, прыме пастанову пра меры стрымлівання і перакіне на ўсходні фланг 300 000 вайскоўцаў.
Ці ўдасца NATO стрымаць Расію, у сцэнары застаецца адкрытым пытаннем.
Прадстаўнік Мінабароны ФРГ адмовіўся каментаваць сцэнар абароны альянсу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.