Навукоўцы прапануюць знішчыць у Беларусі ўсіх дзікоў

З такой заявай на тэлеканале "Беларусь-1" выступіў дырэктар Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі Анатоль Гусеў.



"Небяспека АЧС у Беларусі будзе існаваць да таго часу, пакуль у лясах жыве дзік, — цытуе словы навукоўца БЕЛТА. — Рызыка ўзнікнення новых успышак гэтага захворвання існуе, пакуль дзікі не знішчаныя".



Нагадаем, што меры па знішчэнні ў некаторых раёнах дзікоў ужо прымаліся. Напрыклад, у ліпені было забіта 10% усёй папуляцыі жывёл у Магілёўскай вобласці. Поўны адстрэл дзікоў ішоў у Лёзненскім і Аршанскім раёнах Віцебскай вобласці. Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы нядаўна заявіў, што на дзікоў "дазволенае паляванне ў любы час сутак, года".



Лясніцтвы прасілі людзей не хадзіць у тыя лясы, дзе шмат дзікоў. Людзі могуць "занесці заразу" на абутку альбо вопратцы.



Да сёлетняга лета ў Беларусі налічвалася болей за 80 тысяч дзікоў. Іх колькасць імкліва павялічвалася, бо яшчэ ў 2009 годзе дзікоў было 56 тысяч, што ў паўтара разы перавышала аптымальную колькасць. Агульнавядома, што дзікі наносяць шкоду сельскай гаспадарцы.



Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Яно перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты з свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усе пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазроным захворваннем знішчаюцца. Для чалавека афрыканская чума свіней бяспечная.

Гусі ці авечкі? Хто заменіць беларусам свіней
 


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі