Не думай пра мінулае і пра будучыню: як Андрэй Гнёт змагаецца ў хатнім арышце
Андрэй Гнёт
“Я займаюся выжываннем”, — так апісвае свае дні беларускі актывіст Андрэй Гнёт, якога ў кастрычніку 2023 года затрымалі ў Сербіі на запыт беларускіх уладаў праз Інтэрпал.
У чэрвені гэтага года яго перавялі з бялградскай турмы пад хатні арышт. У верасні апеляцыйны суд Бялграда адмяніў рашэнне пра экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь, але справу скіравалі на перагляд у Высокі суд горада. Цяпер актывіст і яго адвакаты чакаюць новага рашэння пра вызваленне.
Еўрарадыё звязалася з Андрэем, каб даведацца, на якім этапе яго справа і як ён адчувае сябе ў гэтых умовах.
7 адвакатаў
— Як вы маецеся?
— Шчыра кажучы, ніяк, нічога не змяняецца, сяджу як сабака ў скрынцы і чакаю.
— Як выглядае вашая абарона?
— Ёсць тры бакі: сербскія адвакаты, беларускія адвакаты ў выгнанні і ЕСПЧ. На першым у мяне працуюць дзве каманды (кожная па дзве асобы). Адна са мной з самага пачатку, яны працуюць выключна на камерцыйнай аснове. Гэты крымінальныя адвакаты, бо такой лічыцца справа пра экстрадыцыю. Іншыя pro bono займаюцца менавіта прыкладнымі дэталямі што да экстрадыцыі і міграцыйнага заканадаўства. Гэта адвакаты-кансультанты.
І вось пра што цяпер мы думаем і за што мы змагаемся: мы намагаемся не дапусціць гэтай страшнай перспектывы. Чаму страшнай? Бо мае сербскія адвакаты сказалі: “Андрэй, у нас ёсць кліенты, якія даўным-даўно пакінулі Сербію, няважна, якім чынам. Адна справа цягнецца 10 гадоў, а другая — 12, таму, Андрэй, калі ласка, давай думаць, што мы будзем рабіць”.
А я не ведаю, ці прыляціць, як у той песні, “волшебник в голубом вертолёте”. Я яго чакаю, але ніхто не прылятае.
То-бок змагаемся мы з дзвюма праблемамі: каб я не сядзеў пад вартай і каб Сербія мяне выпусціла.
Тут варта казаць пра палітычную волю. Сербскія адвакаты сказалі, што закон вельмі гнуткі, і гэта вырашае паліцыянт на мяжы. Ён можа мяне выпусціць, а можа спытаць, што я рабіў у Сербіі цэлы год без віду на жыхарства.
Мы ж ведаем, як у аўтарытарных рэжымах усё працуе: трэба, каб быў нейкі тэлефонны званок ці каб нехта зверху сказаў паліцыянту на мяжы: “Не чапайце гэтага хлопца”.
“Мяне навучылі ў турме, як выжываць”
— Як праходзяць вашыя дні ў хатнім арышце?
— Цікавага няшмат, бо я займаюся выжываннем. Гэта стала “днём сурка”. Каб не з’ехаць з глузду, я выставіў для сябе жорсткі рэжым, амаль такі, які быў за кратамі. У той самы час іду спаць, у той самы час прачынаюся. Ёсць пэўныя рытуалы: выпіць цёплай вады з лімонам, выпіць кавы, паглядзець пошту.
90% часу забірае мая “самаабарона”, то-бок праца з адвакатамі, медыя. Таксама я вяду камунікацыю з лакальнымі еўрапейскімі дыпламатамі, якія са мной перыядычна звязваюцца. Гэта больш “дэкларатыўная” штука, але пытаюць, як маюся.
Яшчэ да мяне прыходзяць праваахоўнікі і валанцёры. Учора валанцёры Рускага дэмакратычнага аб’яднання зноў прынеслі мне 200 еўра на ежу. З аднаго боку, мне сорамна, што “рускія мяне кормяць”, але яны першыя мяне знайшлі, як толькі я выйшаў пад хатні арышт. Гэта антываеннае аб’яднанне, у якое ўваходзяць і расіяне, і беларусы, і ўкраінцы, і сербы. Дык яны мне ў першы месяц прынеслі грошы на два з паловай месяцы арэнды гэтай кватэры, а ўчора зноў прынеслі грошы. Вядома, я збіраю чэкі для справаздачы. На гэта таксама ідзе шмат часу. Рэшту часу забірае ў мяне звычайная бытавуха.
Яшчэ Маша з Аня ініцыявалі, а я зрабіў TikTok, у якім паказваю, што раблю, бо кожны мой дзень не такі, як у звычайнага чалавека. Але нейкім чынам у гэтай ненармальнай сітуацыі я выжываю і паказваю свае скілы, як гатую сняданак, займаюся спортам.
— Ці ёсць у гэтых умовах нейкія маленькія радасці?
— Ніякіх чалавечых радасцяў у мяне няма. Я параўноўваю сваю сітуацыю з сітуацыяй салдата на вайне. У мяне страляюць кожны дзень, я страляю ў адказ. Калі я ладжу для сябе простыя чалавечыя радасці, то пачынаю ўключаць эмоцыі, прычым усю гаму, як пазітыўныя, так і негатыўныя.
Мяне навучылі ў турме, як выжываць у сітуацыі, калі ты адной нагой у турме, а другой — у труне, бо раней я кожны дзень прачынаўся і засынаў з адной думкай: “Мяне экстрадыююць, мяне будуць катаваць, мяне заб’юць”.
Гэта рэальнасць, бо што [у Беларусі. — Рэд.] зробяць з палітычным актывістам, які быў адным з тых, хто адмяніў чэмпіянат свету па хакеі, хто зняў Лукашэнку з прэзідэнтуры Нацыянальнага алімпійскага камітэта, хто працаваў з незалежнымі медыя?
Калі ты з гэтымі адчуваннямі сустракаешся кожны дзень, у пэўны момант (у мяне гэта адбылося праз тры месяцы) ты перагараеш, і ўсе эмоцыі, якія ў цябе ёсць, выходзяць на паверхню.
Мае так званыя сябры па камеры сказалі, што калі я хачу выжыць, то трэба адрэзаць усё сваё мінулае і ўсё, што знаходзіцца звонку, бо яно больш не маё. Ты не можаш на гэта паўплываць, ты амаль не можаш камунікаваць са сваімі роднымі.
На 17 кастрычніка я таксама запісаў відэа для журналісцкай канферэнцыі ў Бруселі. Я напісаў стэйтмент, бо яны казалі пра будучыню, але я сказаў, што пакуль сябры-еўрапейцы глядзяць у будучыню, за іх спінай разварочваецца страшэннае мінулае: там не толькі Беларусь і Расія, а яшчэ Венгрыя, Славакія, нават у Германіі прачынаюцца галасы з мінулага.
Дык давайце глядзець у абодва бакі, а не толькі ў будучыню. Яны ўжо жывуць на планеце Альфа і гадуюць кактусы, але мы ведаем, што не ўсё добра, што мы адкаціліся на 100 гадоў назад.
Такім чынам, я трымаю сваю менталку ва ўмовах, калі сядзіш 23 гадзіны на суткі ў 15 квадратных метрах. Мой пакой памерам такі самы, як камера ў турме, але я тут адзін. Безумоўна, гэта не турма, для мяне гэта рай у параўнанні з турмой.
Ведаеце, ёсць вельмі шмат дэталяў, пра якія ніхто не думае, і я ніколі не думаў. Напрыклад, што трэба ў свой графік уключыць вынас смецця з дому. Бо калі я гэтага не зраблю ў тую гадзіну, якая ёсць у мяне ўдзень, смецце будзе стаяць да наступнага дня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.