Пад лістом у абарону Андрэя Гнёта падпісаліся Алексіевіч, Сянцоў, Холанд
Андрэй Гнёт
Пад адкрытым лістом у падтрымку рэжысёра Андрэя Гнёта падпісаліся каля 500 дзеячаў культуры з усяго свету. Ліст, які апублікавала Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA), заклікае Сербію не дапусціць экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь.
Да беларускіх кінематаграфістаў далучыліся каля сотні вядомых міжнародных рэжысёраў, акцёраў і прадстаўнікоў мастацтва. Сярод іх — беларуская пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, французская актрыса і прэзідэнтка Еўрапейскай кінаакадэміі Жульет Бінош, польская рэжысёрка Агнешка Холанд, расійскі рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў ды іншыя. Таксама гэты зварот падтрымалі Украінская кінаакадэмія, Нацыянальная асацыяцыя кінематаграфістаў Украіны, Грузінскі інстытут кіно і Асацыяцыя дакументальнага кіно Грузіі.
Адкрыты ліст будзе пададзены ў Апеляцыйны суд у Сербіі ў аўторак, 27 жніўня, а таксама накіраваны ў Міністэрства юстыцыі Сербіі.
Як паведамлялася раней, 27 жніўня Апеляцыйны суд Сербіі правядзе апошняе слуханне па справе Андрэя Гнёта. На ім будзе прынятае канчатковае рашэнне наконт яго экстрадыцыі ў Беларусь.
41-гадовы рэжысёр Андрэй Гнёт пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў яго ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і абвясціў у міжнародны вышук. 30 кастрычніка 2023 года Гнёта затрымалі ў Сербіі паводле запыту Інтэрпала. Справу Гнёта пераглядалі некалькі разоў, сем месяцаў ён правёў у сербскай турме. Урэшце Інтэрпал прызнаў палітычныя матывы пераследу беларуса і адклікаў свой ордар. Аднак сербскія ўлады заявілі, што абавязаныя выдаць Гнёта ў Беларусь у адпаведнасці з міждзяржаўнымі дамовамі.
У жніўні Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі. Цяпер яму пагражае хуткая высылка ў Беларусь.
Акцыя салідарнасці з Андрэем Гнётам адбылася ў нядзелю ў Варшаве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.