"Не на нагу ўстаў, а ўзляцеў". Афіцэр УСУ перажыў ампутацыю, але зноў ходзіць

Аляксандр Міхаў / Euroradio

Аляксандр Міхаў / Euroradio / Euroradio

— Пасля выбуху чуеш толькі піск у вушах. А калі ачомваешся, спрабуеш зразумець: што ў цябе яшчэ ёсць, а чаго ўжо няма. І разумееш, што нечага больш няма.

Мы з Сашам п'ём гарбату. Сашу — ён маёр УСУ — 29 гадоў. Пакуль ішлі да кавярні, Саша крыху накульгваў. Расказвае, што ўпаў мінулай ноччу ў нумары гатэля: уставаў з ложка і забыўся, што ў яго больш няма нагі.

Кавярня знаходзіцца ў невялікім закарпацкім горадзе. У некалькіх кроках — рэабілітацыйны цэнтр Protez Foundation. Тут Сашы зрабілі пратэз. Увесь наступны месяц ён будзе вучыцца на ім хадзіць і з ім жыць.

“Не на ногу встал, а взлетел”. Офицер ВСУ пережил ампутацию, но снова ходит
Аляксандр Міхаў / Euroradio

Пачатак. "Не павінна быць так, што Жэня загінуў дарма, разумееш?"

Саша спецыяльна не хавае нагу — з красоўка відаць металічная шчыкалатка. Ён не супраць, калі людзі пытаюць пра пратэз, — і наогул яму хацелася б, каб пыталіся часцей: "Ну бо 99% імавернасці, што гэта раненне, а не дыябет".

У 2022 годзе пасля 10 гадоў у войску Саша збіраўся звольніцца. Яшчэ не ведаў, чым зоймецца ў цывільным жыцці. Ведаў, што любіць людзей і фатаграфаваць, хацеў разабрацца, як гэтыя веды пра сябе прымяніць у мірным жыцці. Але пачалася вайна.

Першым загінулым у Сашыным жыцці зрабіўся сябар Жэня. Аскепак прайшоў побач з яго вокам і трапіў у мозг. Пасля таго баявога выхаду, з якога Жэня не вярнуўся, яго калегам далі магчымасць пайсці з атрада ў іншую частку, дзе служба прасцейшая.

Нас тады сабралі і сказалі: хлопцы, вы разумееце, дзе знаходзіцеся і што будзе потым. Калі вы да гэтага маральна не гатовыя — не блытайцеся пад нагамі, не стрымлівайце групу, не будзьце баластам.

У Сашы двое дзяцей, і ён ведаў, што жонка будзе ўгаворваць яго скарыстацца шанцам.

— Што яна сказала? Калі шчыра, я не памятаю. Хацела, каб я вярнуўся, быў побач і не рызыкаваў.

— А ты што?

— А я разумеў, што калі прафесійныя вайскоўцы, якія гэтаму вучыліся, не застануцца, то підары дойдуць і да майго дома. А яшчэ я думаў... думаў, што не павінна быць так, што Жэня загінуў дарма, разумееш? 

Нанова навучыцца хадзіць пасля ампутацыі

Бой. "Калі даходзілі да хованкі і садзіліся на адпачынак, яго проста ванітавала ад стрэсу"

Саша быў камандзірам разліку СТРК "Карсар" (украінскі супрацьтанкавы ракетны комплекс). Ён расказвае, што шмат кіламетраў прайшоў па "шэрай зоне" — тая прыфрантавая частка тэрыторыі, дзе ніхто не ведае напэўна, ці ёсць там вораг. І на некалькі кіламетраў заходзіў у "чырвоную зону": гэта тая частка тэрыторыі, пра якую вядома дакладна — вораг там ёсць.

Ты ходзіш па гэтым лесе вельмі павольна — шукаеш, ці ёсць засада. Ідзеш і разумееш, што кожны крок можа быць тваім апошнім крокам.

Я амаль заўсёды хадзіў другім, а першым ішоў інжынер. Калі пасля 10-15 кіламетраў у "шэрай зоне" мы даходзілі да хованкі і садзіліся на адпачынак, яго проста ванітавала ад стрэсу. Бо ісці першым — гэта вельмі жорстка.

Калі інжынера не было, я часта хадзіў першым.

Ты сканцэнтраваны: на кустах, на тым, што пад нагамі, на кожным шоргаце. Ты павінен зрабіць першы стрэл — а не ў цябе. Абвастраюцца ўсе пачуцці. Адрэналін фігачыць, але ты павінен яго стрымліваць, каб цябе не калашмаціла.

Бывалі сітуацыі, калі ты разумееш на сто адсоткаў: там, наперадзе, смерць. І інстынкт самазахавання табе кажа: ты што, дурны? Не ідзі! Але бываюць моманты, калі такі інстынкт трэба выключаць. Цела табе кажа: не-не-не, не ідзі! А ты разумееш, што калі не зробіш гэтага, твае шанцы загінуць толькі вырастуць.

У дзень, калі Сашу параніла, ён ішоў другім. Сцяжынка была замініраваная. На яе выклалі дваццаць дзве супрацьпяхотныя міны ПМН-2. Пасля выбуху ў Сашы пад нагой хлопцы знайшлі яшчэ дваццаць адну.

“Не на ногу встал, а взлетел”. Офицер ВСУ пережил ампутацию, но снова ходит
Аляксандр Міхаў / Euroradio

— Нам вельмі пашанцавала, што яны выклалі іх на нашу сцяжынку, а не зрабілі "мінны мяшок"...

— А што гэта?

Саша раскладае на стале сурвэткі ў форме літары "П". Сурвэткі гэта міны, туды наступаць нельга.

Атрымліваецца такі калідорчык. Вы ідзяце групай, і тут першы ці другі з вас трапляе на міну. Ён падае — прыкладна ў метры ад месца выбуху. Іншыя хлопцы чуюць выбух і перамяшчаюцца да дрэваў, да хованак — гэта інстынкт. І калі каля такіх хованак наставіць яшчэ мінаў, то ўслед за мной падарвуцца і астатнія.

Саша прыбірае са стала "мінны мяшок" і перасоўвае на яго месца кубак. За суседнім столікам прыслухоўваюцца да яго аповеду. Саша гэтага не заўважае, але ён і не быў бы супраць — яму падабаецца, калі людзі слухаюць яго гісторыю. Нядаўна ён пачаў расказваць пра тое, што перажыў, у Instagram. На фота ён амаль заўсёды ўсміхаецца, ідзе на велатрэнажоры, качае прэс або ідзе ў горы.

“Не на ногу встал, а взлетел”. Офицер ВСУ пережил ампутацию, но снова ходит
Аляксандр Міхаў / Euroradio

Нам Саша расказвае, што было за некалькі месяцаў да гэтых фота. Дождж, туман. Мясцовасць няроўная. Яго эвакуявалі сямёра пабрацімаў.

Спачатку хацелася размаўляць, я яшчэ спярша жартаваў з хлопцамі. Але неўзабаве ўжо не мог жартаваць.

 

Боль. "Пачынае балець зноў клічаш медсястру, і яна зноў коле наркату"

— У момант выбуху? Па шкале ад аднаго да дзесяці — на "пяцёрачку". А потым боль нарастае да адзінаццаці.

Але на стабілізацыйным пункце табе даюць наркатычны анальгетык. Робіцца лягчэй ці нават добра.

— Зноў пачынае балець — зноў клічаш медсястру, і яна зноў табе коле наркату. У цябе закочваюцца вочы, больш нічога не баліць.

А потым з стабпункта прыязджаеш у шпіталь, дзе табе даюць звычайнае абязбольвальнае. Але ты яго ўжо не адчуваеш. Яно ніяк на цябе не ўплывае. Табе даюць больш, больш, больш. Шукаюць нешта, што зможа цябе абязболіць. І нічога не абязбольвае, і ты ўвесь час цярпіш боль.

Балюча было заўсёды. "Нясцерпна балюча", "калашмаціць ад болю" або "я ад болю больш проста не мог".

Над ложкам кнопка выкліку медсёстры.

Калі рабілася нясцерпна, я клацаў на гэтую кнопку, каб медсястра мне што-небудзь ўкалола. Спярша яна калола слабенькую наркату, каб я мог спаць. Потым анестэзіёлаг паставіў мне катэтар ў спінны мозг, каб у мяне адымаўся правы бок [Саша страціў правую нагу. Еўрарадыё]. Ён казаў, што гэтага абязболу павінна хапаць гадзін на восем, а мне хапала максімум на паўтара. Ён раз прыйшоў, другі прыйшоў. А на трэці кажа — я ўжо не магу табе калоць. Але цябе ўжо калашмаціць ад болю. І што рабіць?

Я зноў клацаў на кнопку, зноў клікаў медсястру.

Ведаеш, што вельмі пагана? Ты не адразу разумееш, што хутка трэба будзе выходзіць з гэтага. Мне ў нейкі момант здалося: ці нарыкам раблюся, ці трэба саскокваць.

Саша пачаў паступова памяншаць дазіроўку "наркаты", пакуль не дайшоў да звычайных абязбольвальных. Потым яшчэ доўга сядзеў на прэгабаліне — прэпараце, які дапамагае справіцца з фантомнай болем.

Ад яго ты ўвесь час быццам трошкі п'яны, — тлумачыць Саша. У яго на тэлефоне ёсць відэа, дзе ён "трошкі п'яны" ад прэгабаліна. Цяпер я не п'ю нічога, акрамя вітамінаў. Дзякуй Богу. Пойдзем пакурым?

Курыць.

Ёсць шмат момантаў, пра якія ніхто не ведае. Не ведаюць дактары, не ведаюць дарагія табе людзі. І не заўсёды траўмаваны хлопец пра такое раскажа. Ды вось нават душ! раптам кажа Саша.

Душ?

Расказаць, як я першы раз пасля траўмы прымаў душ? Ты на мыліцах. У душавой — парэнчы. Трэба, каб заўсёды нехта быў побач, бо на мыліцах можаш паслізнуцца і ўпасці. Адной рукой ты трымаешся за парэнчы і перасаджваешся на спецыяльнае крэселка — і так, седзячы, прымаеш душ, бо ўстаць ты не можаш.

У мяне быў шок — так цяжка проста пайсці ў душ! І гэта пры тым, што ў мяне далёка не самая цяжкая траўма. Так што так, ёсць шмат момантаў, якіх людзі не ведаюць — і не даведаюцца, калі не спытаюць.

 

Мама. "Яна бярэ сябе ў рукі і кажа: так-так, без гэтага. Усё добра"

Насупраць кіеўскага чыгуначнага вакзала МакДональдс. Саша сядзеў на вуліцы з кубкам кавы, побач паклаў мыліцы. Чакаў маму. Яна прыязджала на адэскім цягніку. З моманту ранення прайшло два з паловай месяцы. Мама яшчэ не ведала, што здарылася.

“Не на ногу встал, а взлетел”. Офицер ВСУ пережил ампутацию, но снова ходит
Аляксандр Міхаў / Euroradio

— Я расказаў маме, што быў паранены, толькі калі ўжо загаілася. Ужо калі яна выязджала да мяне ў Кіеў, сказаў, што атрымаў траўму. Калі была ў дарозе, сказаў, што траўма сур'ёзная.

І вось сяджу з кавай на вуліцы. Яна мяне бачыць. Траўму бачыць. А я бачу, што ў яе ўжо слёзы наварочваюцца. Я ёй кажу — мама, давай, калі ласка, без гэтага. Яна бярэ сябе ў рукі і кажа: так-так, усё добра. І як магла ўвесь гэты час спраўлялася са слязамі.

Без мыліц і з пратэзам мама Сашу яшчэ не бачыла. Цяпер ён вучыцца нанова хадзіць за тысячу кіламетраў ад дома.

Пачуцці? Быццам ты не на нагу ўстаў, а ўзляцеў. Ты раней не цаніў, што мог хадзіць на дзвюх нагах. Ну што ў гэтым цаніць? А калі пасля траўмы ты становішся на іншую нагу... не выказаць.

“Не на ногу встал, а взлетел”. Офицер ВСУ пережил ампутацию, но снова ходит
Аляксандр Міхаў / Euroradio

З пратэзам Саша ўжо хадзіў у горы, ездзіў верхам і... хадзіў па бардзюры.

— Горы і коні — зразумела. А што складанага ў бардзюры?

— Ты, па сутнасці, трымаешся толькі на куксе — у цябе няма ступні, няма пальцаў. І без усяго гэтага табе трэба трымаць раўнавагу. Але адаптуешся. Спачатку я мог прастаяць на адной (траўміраванай) назе толькі дзве секунды. Цяпер ужо пятнаццаць секунд.

Саша будзе цалкам задаволены сабой, калі з пратэзам падымецца на Гаверлу — гэта самая высокая кропка Украіны.

— У мяне ёсць думкі і пра Эверэст. Вось гэта была б пушка.

Распытваю Сашу, што яго радуе. Ён паказвае каментары да сваіх нядаўніх пастоў у Instagram. У каментарах усе пішуць, што Саша круты. Гэта радуе.

Мне шмат людзей дапамагала. І фінансава, і маральна. Аднакласніца, з якой я са школы не бачыўся, запусціла для мяне збор сродкаў. Але бываюць такія дні, калі нікога не застаецца. Такія дні, што табе рэальна здаецца — ты ўжо нікому не патрэбны. Мне пашанцавала — у мяне такіх дзён было мала.

Ува мне пасля ранення многае памянялася. Вельмі многае. Я пачаў сябе цаніць, цаніць кожную дэталь, кожную дробязь свайго жыцця. Я зразумеў, што калі ты сваё жыццё не любіш і не цэніш, то і цябе жыццё не будзе цаніць.

“Не на ногу встал, а взлетел”. Офицер ВСУ пережил ампутацию, но снова ходит
Аляксандр Міхаў / Euroradio

Саша не вернецца на вайну. Ён хоча сур'ёзна заняцца фатаграфіяй і расказваць гісторыі параненых украінскіх вайскоўцаў. Хоча мяняць гарадскую прастору для іх хоча, каб у кожным горадзе інвалідны вазок мог лёгка ўехаць на бардзюр. Каб больш людзей звяртала на параненых увагу нават проста на вуліцы. Саша вучыць нас: чалавеку прыемна, калі вы яму кіўнеце ў знак павагі або прыкладзеце руку да сэрца.

Але раней, калі прыязджаў у адпачынак, разумеў, што хачу хутчэй вярнуцца на баявыя. Бо аказваецца, ты не вельмі хочаш бачыць, як жывуць і паводзяць сябе людзі, пакуль ты ваюеш. Таму так шмат вайскоўцаў вяртаюцца ваяваць нават пасля траўмы.

— А што не так? Пра што такое кажуць людзі?

Ды пра нейкія дробязі. Пра айфон, пра матэрыяльнае. Гоняцца за ім. А там ты пачынаеш разумець, што такое сапраўдныя каштоўнасці. Сапраўдныя сябры. Разумееш, што гэтыя хлопцы могуць цябе выцягнуць з любой сітуацыі. І ты іх выцягнеш.

Без сапраўднага там вельмі цяжка.

“Не на ногу встал, а взлетел”. Офицер ВСУ пережил ампутацию, но снова ходит
Аляксандр Міхаў / Euroradio

Саша ледзь моршчыцца.

— Нага баліць?

Дык яна цяпер заўсёды будзе балець, — зацягваецца. — Дарэчы, ведаеш, што яшчэ мяне радуе? Радуе, што мае дзеці будуць ведаць, што я наогул... ніфіга сабе красава.

Protez foundation — платформа, якая забяспечвае пратэзаванне і рэабілітацыю людзям, што страцілі канцавіны на вайне ва Украіне. Па гэтай праграме Саша атрымае тры пратэзы — паўсядзённы, для бегу і для плавання. Фонд заснаваў украінскі доктар-пратэзіст Якаў Градзінар і бізнесовец Юрый Арашыдзэ. З траўня 2022 года да верасня 2023 года ў праграме Protez foundation паўдзельнічалі 114 чалавек. Яны атрымалі 301 пратэз.

 

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі