Нецвярозы стан кіроўцы-жанчыны даішнікі вызначылі… без медагляду?

За адмову ад медычнага агляду і кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане інспектары ДАІ ў кастрычніку 2011 года пазбавілі Вольгу Высачанскую правоў. Прычым стан кіроўцы яны вызначылі на вока, без дапамогі алкатэстара, адвезці яе на медычны агляд адмовіліся… самі даішнікі!
 
 
Вольга Высачанская: “Па дарозе з Магілёва ў Быхаў мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ і абвінавацілі ў тым, што я не падпарадкавалася знаку STOP. Я спрабавала даказаць, што патрабаванні знака выканала — там выезд з другараднай дарогі, лес перакрывае бачнасць і без спынення выехаць немагчыма, але мяне не слухалі”.
 
 
У выніку жанчына пагадзілася аплаціць штраф — 35 тысяч на той момант. І зрабіла гэта на месцы. Праўда, папрасіла даць ёй квітанцыю на рукі, бо, магчыма, будзе абскарджваць штраф. Не хацела мець у тэхталоне запіс за парушэнне, якога не рабіла.
 
 
Вольга Высачанская: “Але яны вярнулі мне гэтую квітанцыю, парваную на дзве часткі. Я абурылася: “Паважаныя, навошта вы гэта зрабілі? Я ж штраф аплаціла!” На што супрацоўнік, які ўвесь час знаходзіўся ў службовым аўто, на мяне паглядзеў і спытаўся: “А што вы пілі сёння?”
 
 
 
 
Паводле слоў Вольгі, яе папрасілі пачакаць у сваёй машыне і праз паўгадзіны прынеслі на подпіс пратакол, з якога вынікала, што яна… адмовілася ад медычнага агляду.
 
 
Вольга Высачанская: “Мне прад’явілі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні — “адмова ад праходжання медычнага агляду”. Кажу: “Як я магла адмовіцца, калі я не адмаўлялася? Давайце сядзем у маю машыну, сядзьце за руль, ці давайце на вашай машыне паедзем і пройдзем!” На што інспектары адказваюць: “Мы не можам — у нас ліміт на паліва і недзе там аварыя — мы спяшаемся і нам трэба ехаць”.
 
 
У даішнікаў нават алкатэстара ў машыне не было, каб правесці экспрэс-аналіз, сцвярджае Вольга. У яе машыне знаходзіўся вядомы ў Магілёве доктар з 25-гадовым стажам Віктар Патапаў. Менавіта па яго просьбе жанчына выехала з Магілёва — падвезці да хворага ў Быхаў.
 
 
Віктар Патапаў: “Да мяне яны нават не падыходзілі (хоць Вольга і звяртала ўвагу інспектараў на доктара ў сваёй машыне. — заўв. Еўрарадыё). Я б заўважыў, калі б яна была нецвярозая. Тым больш што паводзіла яна сябе адэкватна і нічога не парушала”.
 
 
Затое пад тым, што жанчына “дрэнна трымалася на нагах, паводзіла сябе неадэкватна і ў яе былі чырвоныя вочы”, у пратаколе падпісаліся двое сведак. Якіх ніхто ніколі так і не ўбачыў, абураецца муж Вольгі Аляксандр.
 
 
Аляксандр: “Адзін са сведак — кіроўца-дальнабойшчык, а другі — увогуле невядома хто. У яго ў межах справы змяняўся адрас некалькі разоў. Яго ніхто пачуць не можа: па адрасе, які ўказаны, мы тэлефанавалі, але нам сказалі, што такі там ніколі не жыў. Гэтага чалавека ніхто знайсці проста не можа”.
 
 
 
 
Да Быхава ў той раз Вольга з доктарам так і не даехалі. Затое цягам дзвюх гадзінаў пасля пачатку гэтай дарожнай гісторыі жанчына напісала скаргу на дзеянні інспектараў ДАІ і самастойна прайшла медычны агляд. Які пацвердзіў: Вольга была цвярозая. Толькі ні адсутнасць сведак, ні гэтая папера аб выніках медагляду не дапамаглі жанчыне ў судзе — і суд Фрунзенскага раёна сталіцы (па месцы прапіскі Вольгі Высачанскай), і Мінскі гарадскі суд пакінулі без зменаў штраф і пазбаўленне правоў на тры гады. Вярхоўны суд накіраваў матэрыялы справы… ізноў у ДАІ.
 
 
Аляксандр: “Вярхоўны суд адразу заўважыў безліч парушэнняў і з боку супрацоўнікаў ДАІ, і з боку суддзяў. І накіравалі матэрыялы ізноў у Фрунзенскі ДАІ на новы разгляд справы. Прычым накіравалі і дакладна напісалі, што неабходна зрабіць супрацоўнікам ДАІ — як і што правільна ў матэрыялах напісаць, каб яе “правільна” пазбавіць правоў”.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Зараз справа Вольгі Высачынскай знаходзіцца ў Магілёўскім раённым судзе. 3 жніўня быў чарговы разгляд — рашэнне, прынятае інспектарамі ДАІ, па-ранейшаму пакінулі без зменаў. Юрыст Аляксандр Старычэнка не бачыць у гэтым нічога дзіўнага.
 
 
Аляксандр Старычэнка: “Гэта “неадменнае” рашэнне — у маёй практыцы толькі аднойчы ўдалося дабіцца адмены вынесенага інспектарамі ДАІ рашэння па такім жа “парушэнні”. Тады інспектары ў пратаколе напісалі, што яны пераследавалі парушальнікаў цягам 10 хвілін па дварах, а потым апынулася, што ў той машыне няма рухавіка! І такое будзе працягвацца да таго часу, пакуль не з’явіцца персанальная адказнасць службовых асоб за фальсіфікацыю пратаколаў, за незаконны ці аднабаковы разгляд справы”.
 
 
Юрыст папярэджвае, што калі набудзе моц закон аб канфіскацыі аўто ў нецвярозых кіроўцаў, уладальнікаў аўто чакае шмат непрыемных сюрпрызаў.
 
 
Атрымаць каментар у кіраўніка таго аддзела ДАІ Магілёўскага аблвыканкама, інспектары якога затрымлівалі Вольгу Высачанскую, не ўдаецца. Начальніка няма на працы, а больш ніхто прэсе каментары не дае, тлумачаць Еўрарадыё.
 
 
 
 
 
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі