Некаторыя з дэпартаваных украінскіх дзяцей могуць ужо ваяваць на баку РФ
Хакатон у Гаазе / Europol
40 следчых з 18 краін усталявалі месцазнаходжанне 45 украінскіх дзяцей, гвалтоўна вывезеных у Расію і Беларусь, у ходзе бліц-расследавання на аснове адкрытых крыніц (OSINT).
"У агульнай складанасці былі атрыманы звесткі пра 45 дзяцей, якія перададзены ўкраінскім уладам для садзейнічання ў расследаваннях, што вядуцца", — гаворыцца ў заяве Еўрапола, які арганізаваў двухдзённы хакатон у Гаазе.
У выніку ўдалося рэканструяваць маршруты вывазу ўкраінскіх дзяцей у РФ і РБ, усталяваць асобы грамадзянскіх і ваенных людзей, прычасных да гэтага, а таксама ўстановы, у якія дзеці былі ў выніку змешчаны (напрыклад, дзіцячыя дамы). Акрамя таго, названы "падраздзяленні расійскай арміі, у складзе якіх дэпартаваныя могуць зараз змагацца ў рамках агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны", гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўрапола, перадае DW.
Складзеныя справаздачы могуць дапамагчы ўсталяваць бягучае месцазнаходжанне выкрадзеных дзяцей, адзначаецца ў паведамленні. Еўрапол перадаў інфармацыю ўкраінскім уладам.
Паліцэйская служба ЕС падкрэслівае, што вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны можа быць кваліфікаваны як ваеннае злачынства. Сабраныя даныя Еўрапол перадасць украінскім следчым, якія паведамлялі аб дакументаванні ўжо больш чым 19 500 выпадкаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь.