"Нелаяльным" рабочым забаранілі прыходзіць на МТЗ падчас прыезду Лукашэнкі
Самым незадаволеным паведамілі, што іх не пусцяць праз прахадную.
15 траўня Аляксандр Лукашэнка наведваў Мінскі трактарны завод і сустракаўся з працоўным калектывам. Як даведалася Радыё "Свабода", на сустрэчу адбіралі найбольш лаяльных, а самых актыўных і незадаволеных увогуле не пусцілі на завод.
Пра гэта журналістам распавяла маляр завода. Па яе словах, 14 траўня начальнік участка 91-га фарбавальнага цэху МТЗ Руслан Крывіцкі выклікаў шэсць чалавек і загадаў 15 траўня не выходзіць на працу. Начальнік паведаміў, што іх усё адно не пусцяць на тэрыторыю завода — нібыта так загадала дырэкцыя.
Жанчына дадала, што насамрэч работнікі цэха ў сярэднім зарабляюць каля 4 мільёнаў рублёў, а не 7 мільёнаў, як казаў на сустрэчы з Лукашэнкам гендырэктар МТЗ Фёдар Дамаценка.
Летась работнікі 91-га цэха напісалі ліст на імя начальніка цэха і дырэктара завода. Яны прасілі аднавіць ранейшы ўзровень заробку, палепшыць умовы працы. У адказе за подпісам гендырэктара былі спасылкі на паказчыкі аб’ёму вытворчасці і прадукцыйнасць працы, а таксама выснова пра немагчымасць узняць заробкі.
Лукашэнка расказаў рабочым пра сакрэт даўгалецця (відэа)
Лукашэнка патрабуе абараніць Беларусь ад неабгрунтаванага імпарту (відэа)
Лукашэнка заклікаў беларусаў трымацца за свае працоўныя месцы
Фота — svaboda.org