“Ноч не спім, вычэрпваем!” — як мінская “хрушчоўка” тыдзень жыве без каналізацыі

“Ноч не спім, вычэрпваем!” — як мінская “хрушчоўка” тыдзень жыве без каналізацыі

Дом №100 на вуліцы Лібкнехта ў Мінску нібыта трапіў у Сярэднявечча. У мінулую пятніцу, 25 лістапада, у чацвёртым пад'ездзе дома перастала працаваць каналізацыя, і жыхароў першага паверха стала літаральна заліваць суседскімі нечыстотамі. Сітуацыя трывае ўжо амаль тыдзень: людзі вёдрамі вычэрпваюць фекаліі з ваннаў і ўнітазаў, у тыя ж вёдры ходзяць "па патрэбах", а пасля выносяць "вынікі" на вуліцу.

Адсюль менш за кіламетр да раённай адміністрацыі і менш за два да Дома ўрада. Але, відаць, гэта шмат, бо дрэннага паху чыноўнікі дагэтуль не адчулі. А калі і адчулі, дык варушыцца не спяшаюцца. У мясцовым ЖЭС №31, напрыклад, кажуць, што сітуацыя складаная. Простая прачыстка каналізацыі не дапамагае. "Там пралом паміж дамамі. Пралом трубы паміж домам і каналізацыйным калодзежам. Будуць "раскопкі" праводзіцца, будуць мяняць каналізацыйную трубу. Але па тэрмінах нічога не скажу", — адказваюць Еўрарадыё ў ЖЭС.

“Ноч не спім, вычэрпваем!” — як мінская “хрушчоўка” тыдзень жыве без каналізацыі

У жахлівым становішчы апынуліся чатыры кватэры на першым паверсе. Жыхарка першай з іх, №49, Святлана Даўгуненка распавядае, што ўжо тыдзень яе сям'я жыве без прыбіральні. А калі наспявае патрэба, выйсце простае: вядро — вуліца.

"У мяне дзеці вучацца ва ўніверсітэце, муж працуе. Усё "гэта" мы імкнёмся пакінуць недзе там, на працы. Сёння ўжо муж з дзецьмі начаваў у сяброў, — кажа жанчына. — На кухні, калі мыем посуд, таксама ўсё на вуліцу выносім, бо не хачу пасля ўсё гэты вычэрпваць з унітаза. Усё ў кватэры заліта хлоркай, бо тут жа поўная антысанітарыя! Усе гэтыя мікробы, гельмінты, усе інфекцыі, якія толькі могуць быць — гэта ўсё у нас. Няма слоў".

Ванна недзе на траціну запоўненая суседскім "гэтым"

У суседняй кватэры жыве сям'я з малым дзіцём, праз кватэру — 87-гадовая бабуля. Ёй цяжка хадзіць на вуліцу з поўным вядром адыходаў, таму часам яна проста вылівае ўсё з вакна. У Сярэднявеччы, у прынцыпе, усе так рабілі. А сёння ў цэнтры Мінска — толькі адна бабуля.

"Я сёння да яе заходзіла, — працягвае Святлана. — У яе ванна недзе на траціну запоўненая гэтымі суседскімі... Карацей, тым, што суседзі нарабілі. І унітаз на палову. А жыхары 51-й кватэры ўначы не спалі — пільнавалі. І ўначы выносілі. У іх суседзі зверху неяк больш... Хаця мы суседзяў прасілі, каб яны зразумелі сітуацыю. Але гэта не іх пытанне... Дык вось, у 51-й уначы спаць не могуць, бо, як толькі недзе спускаецца вада... У іх маленькае дзіця, яны з мужам пільнуюць па чарзе, і выносяць".

“Ноч не спім, вычэрпваем!” — як мінская “хрушчоўка” тыдзень жыве без каналізацыі
Жыхарка праблемнага пад'езда. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.by
“Ноч не спім, вычэрпваем!” — як мінская “хрушчоўка” тыдзень жыве без каналізацыі
Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.by

Па словах жанчыны, 30 лістапада да пад'езда нарэшце прыехала нейкая машына: "Нешта заварушыліся. Але ж яны з мінулай пятніцы заяўкі прымаюць і кажуць, што пытанне будзе вырашацца. Але сёння серада, а пытанне не вырашанае. Усе толькі абяцаюць", — скардзіцца Еўрарадыё Святлана Даўгуненка.

Учора гарачую ваду адключылі таксама

На трэцім паверсе ў гэтым пад'ездзе пашанцавала жыць колішняму палітвязню, а сёння — паспяховаму цырульніку Паўлу Вінаградаву. Ён упэўнены, што падымаць трывогу суседзям з першага паверха трэба было даўно. Але ж мы ў Беларусі. Тут церпяць... Прычым, жыхары дома №100 па мінскай вуліцы Лібкнехта церпяць ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

"Я пра гэтую сітуацыю даведаўся, калі ў пад'ездзе адключылі халодную ваду, каб людзі не карысталіся каналізацыяй. Гэта было ў панядзелак, а ўчора і гарачую ваду адключылі таксама. Каналізацыяй я з той пары не карыстаюся ўвогуле, бо калі ёю карыстацца, на першым паверсе адразу пачынаюцца праблемы, — распавядае Еўрарадыё Павел Вінаградаў. — Пітную ваду даводзіцца набываць — ніякай цыстэрны сюды не падвезлі. А пенсіянеры ходзяць да калонак. На кухні гара бруднага посуду, сёння паедзем куды-небудзь, каб яго памыць".

Замяніць трубу чыноўнікі абяцаюць у пятніцу. То бок — роўна праз тыдзень пасля таго, як адбылася аварыя. Цярпець жыхарам нешчаслівага дома на вуліцы Лібкнехта засталося два дні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі