Новая кніга Адама Глобуса: чытаць лепш дзяўчатам з 15-ці, хлопцам – з 21

Адам Глобус прэзентаваў сваю новую, 27-ю па ліку кніжку — “Казкі пра дарослых”. Прэзентацыя прайшла 15 кастрычніка ў сталічнай кнігарні Логвінаў, дзе сабраліся выдаўцы, сябры, літаратары ды аматары творчасці беларускага пісьменніка.
 
Новая кніга Адама Глобуса — насамрэч маленечкі зборнічак у фармаце “кішэннай кніжкі”, куды змясцілася каля 100 казак.
 
“А яны караценькія, гэтыя казкі, — распавядае Еўрарадыё пасля прэзентацыі Адам Глобус. — Трэба ашчаджаць час нашага чытача. Зараз новы чытач, ён любіць чытаць хутка, посцінг, кароткую інфармацыю, тры радкі. Таму я стараюся, як сучасны пісьменнік, упісвацца ў гэты фармат”.
 
Кніжка — гэта папяровы, палепшаны варыянт электроннай блогавай версіі ў Livejournal і Facebook, дзе пад спецыяльным тэгам “казкі пра дарослых” Адам Глобус ужо некалькі гадоў посціць свае творы. 
 
“Усе падзеі ў казках — тут і зараз, — працягвае Адам Глобус. — Там шмат сучаснасці, шмат рэальнага. Ёсць і Плошча Перамогі, ёсць і пра выбух у метро. Але казкі не толькі пра Беларусь. Ёсць тыя, дзе падзеі Барселоне і іншых месцах. Усё ж прозвішча Глобус абавязвае”.
 
Назва “Казкі пра дарослых” намякае, што кнігу не рэкамендуецца чытаць дзецям. Пісьменнік раіць: дзяўчатам чытаць з 15-ці гадоў, таму што яны раней сталеюць. А хлопчыкам усё ж з 21.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі