Новы матыў забойства Нямцова: негатыўныя выказванні пра мусульман

Матывам забойства расійскага апазіцыянера Барыса Нямцова сталі негатыўныя выказванні на адрас мусульман, іслама і прарока Мухамеда. А галоўны абвінавачаны ў забойстве Заур Дадаеў адпомсціў яму. Такую інфармацыю распаўсюдзіла агенцтва “Росбалт” са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах.

Паводле неназваных праваахоўнікаў, Дадаеў — мусульманскі вернік, і ён прызнаўся ў арганізацыі гэтага злачынства. Таму не варта чакаць гучных выкрыванняў або затрыманняў у рамках расследавання.

“Росбалт” таксама згадвае выказванні Нямцова, зробленыя пасля тэракту ў рэдакцыі французскага сатырычнага часопіса Charlie Hebdo. 9 студзеня ў сваім блогу Нямцоў апублікаваў пост пад загалоўкам “Ісламская інквізіцыя”, у якім пісаў, што іслам знаходзіцца ў сярэднявеччы, і заклікаў змагацца за свецкую дзяржаву і аддзяленне мячэці ад улады, паведамляе meduza.io

Басманны суд Масквы ў гэтыя выходныя назваў імёны ўсіх затрыманых па справе аб забойстве Барыса Нямцова — гэта Заур Дадаеў, браты Азор і Шагід Губашавы, а таксама два чалавекі з прозвішчамі Бахаеў і Эскерханаў.

Расійскі апазіцыянер Ілля Яшын назваў “ісламскую” версію забойства Нямцова “проста трызненнем”. “Для мяне відавочна, што такая версія — вынік палітычнай замовы Крамля. Такая версія вельмі зручная ўладам. Нядзіўна, што стрэлачнік Дадаеў, якога Кадыраў пасля забойства называў “сапраўдным патрыётам і воінам”, агучвае менавіта ісламскія матывы свайго злачынства”, — напісаў Яшын у Фэйсбуку.

Паводле яго словаў, Нямцоў ніколі не казаў кепска пра іслам і быў абсалютрна цярпімым у рэлігійным плане чалавекам. Але пры гэтым ён крытыкаваў тэрарыстаў, якія расстралялі французскіх журналістаў у Парыжы.

Але такая версія забойства цалкам выводзіць з-пад удару расійскія ўлады, адначае апазіцыйны палітык.

Фота: Reuters, ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі