Новы віток інфармацыйнай вайны паміж МЗС Беларусі і расійскім амбасадарам
Паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і амбасадарам Расіі Міхаілам Бабічам зноў разгараецца інфармацыйная вайна.
Нагодай стаў выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Палаце прадстаўнікоў 19 красавіка. Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне пра кошт пабудовы Беларускай АЭС, эмацыйна заявіў, што расійскі амбасадар не ўмее лічыць. У адказ Міхаіл Бабіч у каментары расійскім журналістам паведаміў, што ні словы Ганны Канапацкай, якая задавала пытанне, ні Лукашэнкі "не маюць пад сабой ніякіх падставаў".
Заяву амбасадара для партала TUT.by пракаментаваў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Анатоль Глаз. Ён паведаміў, што можа толькі паўтарыць тое, што казаў пра Бабіча ў сакавіку: "Спадар амбасадар абсалютна не бачыць ніякай розніцы паміж расійскай федэральнай акругай, дзе, як нам распавядалі, ён любіў раздаваць маралі налева і направа, і незалежнай дзяржавай. Хоць у пасланні прэзідэнт Беларусі абсалютна дакладна і ясна выказаўся з нагоды незалежнасці нашай дзяржавы і скептычнага, мякка кажучы, стаўлення да нашай шматвяковай гісторыі з боку асобных замежных палітыкаў".
Нагадаем, што ў сакавіку расійскі амбасадар даў вялікае інтэрв'ю РИА "Новости", пасля якога МЗС Беларусі назваў яго "падаючым надзеі бухгалтарам".
Па словах Глаза, заявы расійскага амбасадара істотна шкодзяць беларуска-расійскім адносінам. "На працягу доўгага часу шэраг знешніх сіл беспаспяхова спрабавалі разбурыць цесныя і прыязныя адносіны двух братніх народаў. Дык вось: тое, што не ўдалося гэтым знешнім сілам на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, паспяхова і эфектыўна ўдаецца спадару Бабічу літаральна за некалькі месяцаў", — падкрэсліў беларускі дыпламат.