Новыя правілы "Белавія": за перавес давядзецца заплаціць 50 еўра
З 29 кастрычніка на рэйсах "Белавія" дзейнічаюць новыя правілы правозу багажу. Змены закранулі той груз, які пасажыры здаюць у багажнае аддзяленне падчас рэгістрацыі на рэйс.
З аднаго боку, павялічыліся нормы бясплатнага правозу багажу: — пасажыры эканом-класа могуць бясплатна правозіць адну сумку вагой не больш за 23 кг (раней было 20 кг); — пасажыры бізнес-класа могуць бясплатна правозіць дзве сумкі вагой не больш за 32 кг (раней было 30 кг). З іншага боку, за другое месца багажу ў эконом-класе ці за перавышэнне вагі давядзецца плаціць 50 еўра.
У "Белавія" тлумачаць: калі ў пасажыра, які ляціць эканом-класам, ёсць дзве сумкі па 10 кг, яму давядзецца ці спакаваць рэчы ў адну сумку, ці заплаціць 50 еўра за другое месца багажу. А калі чамадан пасажыра эканом-класа будзе важыць ад 24 да 32 кілаграмаў, ён таксама павінен будзе заплаціць 50 еўра — за перавышэнне вагі.
Для дзяцей ад двух гадоў норма правозу багажу такая ж, як і для дарослых. На немаўля да двух гадоў бясплатна даецца адно месца багажу вагой не больш за дзесяць кілаграмаў і адна складная дзіцячая калыска (ці адна перанасная люлька, ці адно дзіцячае аўтакрэсла).
У салон самалёта пасажырам эканом-класа па-ранейшаму дазваляецца браць ручную паклажу вагой да 8 кілаграмаў, пасажырам бізнес-класа — да 12 кілаграмаў.