"Ну вы ж усё разумееце". На заводах зноў звальняюць работнікаў з-за палітыкі

На беларускіх прадпрыемствах зноў звальняюць людзей / Еўрарадыё
На беларускіх прадпрыемствах зноў звальняюць людзей / Еўрарадыё

Чарговая хваля рэпрэсій пачалася на беларускіх заводах. Пра гэта паведамляюць работнікі прадпрыемстваў, якія трапілі ў чорны спіс. У Свабодным прафсаюзе металістаў пацвердзілі — людзей звальняюць, да іх паступаюць звароты. Прычына ўсё тая ж — пакінулі подпіс не за таго, выходзілі на акцыі пратэстаў пасля выбараў-2020.

Па словах сябраў незалежнага прафсаюза, спісы на вылет ёсць на "Камунарцы", на трактарным і маторным заводах, МАЗе, у "Кабельных сетках", на "Магілёўліфтмашы" і іншых.

— Хутчэй за ўсё, спіс прадпрыемстваў, дзе зараз звальняюць, большы. Проста не ўсюды ў нас засталіся актывісты, — адзначаюць у незалежным прафсаюзе.

У "Мінскіх кабельных сетках" ужо не ў першы раз супрацоўнікаў звальняюць па спушчаных зверху спісах. Папярэдняя зачыстка была ў канцы лютага. Тады людзі распавядалі, што ім прапануюць напісаць заяву па ўласным, у адваротным выпадку яны будуць звольненыя па артыкуле Працоўнага кодэкса. Цікава, што да гэтага нараканняў на іх працу не было. Самі работнікі звязвалі гэта з іх удзелам у акцыях салідарнасці і пратэстах пасля выбараў у жніўні 2020 года.

— Цяпер, па чутках, збіраюцца ў нас звольніць 7 чалавек. Адзін з іх намеснік начальніка цэха. Прычына — быццам паездка да МЗКЦ у жніўні 2020-га. Спісы на звальненне былі складзеныя пасля таго. Але пра афіцыйную прычыну я вам не скажу, не ведаю. Просяць пісаць заявы на звальненне па пагадненні бакоў, — распавёў нам супрацоўнік прадпрыемства.

Зачышчаюць і ў рэгіёнах. Як кажуць работнікі "Магілёўліфтмаша", у іх працоўныя збіраюцца вярнуць прыкладна сотні работнікаў.

— Усяго ў нас дзесьці 4,5 тысячы работнікаў на прадпрыемстве. Не ведаю, ці можна сто назваць масавым звальненнем. Але гэта дастатковая колькасць, каб праца прадпрыемства пагоршылася, — мяркуе адзін з супрацоўнікаў. — Мне не вядомыя дакладныя прычыны звальненняў. Але ведаю дакладна, што з-за палітыкі. Людзі выбралі не таго кандыдата.

Крыху раней паведамлялася, што звальненні ідуць на ААТ "Зеніт", што вырабляе святлодыёдныя лямпачкі. Пакуль што пацверджана звальненне пяці работнікаў гэтага прадпрыемства, але іх можа быць больш — каля двух дзясяткаў.

Чысткі прайшлі і на "Магілёўхімвалакне". Пачынаючы з кастрычніка там аддалі працоўныя больш чым 70 супрацоўнікам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі