Някляеў папрасіў Ярмошыну абмежаваць паказ Лукашэнкі па тэлевізары

А таксама кандыдат у прэзідэнты прапанаваў аддаць усе 10 “беларускіх” месцаў у Еўранэсце дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, выказаў прэтэнзіі да ЦВК і не пагадзіўся са спыненнем сваёй крымінальнай справы.
Рэгістрацыя Уладзіміра Някляева кандыдатам у прэзідэнты прынесла яму нечаканую навіну: супраць яго прыпынілі крымінальную справу. Распачалі яе яшчэ ў траўні за распаўсюд загадзя ілжывай рэкламы. Падставай для прыпынення стала “немагчымасць правядзення неабходных следчых дзеянняў”. Але Някляеў з такім развіццём падзей не пагаджаецца.

Уладзімір Някляеў:
 “Я буду прэзідэнтам, а крымінальная справа ў іх сейфе будзе ляжаць. Бо я ж дэмакратычна разгаліную ўладу, і ніякага ўплыву мець як прэзідэнт на судовую ўладу не буду. І гэта будзе выглядаць не добра. Яны мяне падвесілі так, што можна ў любы момант зваліцца і пабіцца. Тут можа быць толькі два рашэнні: альбо яны кажуць пра тое, што справа крымінальная закрываецца, бо мы не вінаватыя ні ў якой частцы, альбо няхай яны з заўтрашняга дня перадаюць справу ў суд”.

Нагадаем, крымінальная справа была заведзеная, акрамя Някляева, на сябраў кампаніі “Гавары праўду!” Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Вазняка. Паводле словаў апошняга, ён ужо працуе з адвакатамі і будзе абскарджваць гэтае рашэнне следчых органаў. 

А Дзмітрыеў нагадаў, што дзеянні міліцыі 18 траўня не абмежаваліся распачынаннем крымінальнай справы супраць трох чалавек і іх трохдзённым утрыманнем у СІЗА.

Андрэй Дзмітрыеў:
 “18 траўня праз допыты, затрыманні, ператрусы прайшлі 65 чалавек з 22 населеных пунктаў краіны. У кожнага з іх забралі асабістую маёмасць, асабістыя ашчаджанні. Неабходна вярнуць людзям тое, што пасля гэтага прызнання свайго бяссілля ўтрымліваецца незаконна”.
Разабраўшыся з праваахоўнымі органамі, Някляеў распавёў пра сваю вандроўку ў Чэхію і Польшчу на мінулым тыдні. Як высветлілася, паехаў ён туды, каб на месцы высветліць: якія абяцанні Лукашэнку далі міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны падчас візіту ў Беларусь, пра што дамовіліся за спіной у апазіцыі? Тым больш, што пасля іх ад’езду з’явілася інфармацыя, што нібыта прэзідэнт Літвы назвала кіраўніка Беларусі адзіным гарантам незалежнасці і стабільнасці ў нашай краіне. Кандыдат у прэзідэнты задаваў гэтыя пытанні кіраўніцтву МЗС Польшчы і Чэхіі.

Уладзімір Някляеў:
 “Мы атрымалі катэгарычныя адказы: “Не, ніякіх дамоўленасцяў за вашымі спінамі не было, тыя мэсэджы, якія прывезлі абодва міністры, — пра тое, што ўсе далейшыя адносіны з Лукашэнкам будуць суадносіцца з тым, як пройдзе выбарчая кампанія і самі выбары. Калі яны будуць дэмакратычнымі ці хаця б набліжанымі да дэмакратычных стандартаў — дыялог доўжыцца. Калі ж — не, або будуць нейкія сілавыя дзеянні ў процівагу мірнаму супраціву супраць фальсіфікацый, то ніякай размовы ні пра якія стасункі з Лукашэнкам, з сённяшнім рэжымам быць не можа”.

Апроч таго, кажа Андрэй Дзмітрыеў, беларускія госці прапанавалі свой варыянт дзеянняў, якія б прымусілі нарэшце запрацаваць Еўранэст.

Андрэй Дзмітрыеў: “Мы прапаноўваем, каб гэтыя 10 месцаў былі цалкам аддадзеныя Нацыянальнаму сходу Беларусі. Але пры гэтым павінна быць сфармавана адзіная дэлегацыя ад апазіцыйных сіл, якая будзе мець права прысутнічаць на пасяджэннях Парламенцкай асамблеі Еўранэст з правам выступу. Гэта будзе такі грамадскі кантроль за тым, што адбываецца ў рамках Еўранэста”.
Карэспандэнт Еўрарадыё выказаў сумнеў у тым, што апазіцыя здолее дамовіцца пра тое, каго дасылаць у якасці грамадскіх кантралёраў. На што атрымаў адказ ад Някляева: “Не дамовіцца — то сама і будзе вінаватая”.

На заканчэнне сустрэчы юрыст выбарчага штаба Някляева Ларыса Міхайлоўскаярасказала пра прэтэнзіі, якія ад імя Някляева яна накіравала старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Ларыса Міхайлоўская: “Дэбаты будуць праводзіцца 4 і 5 чысла, але пасля гэтага, атрымліваецца, у краіне пачынаецца агітацыйная кампанія толькі аднаго кандыдата: на экранах будзе з’яўляцца толькі дзеючы прэзідэнт. І мы патрабуем ад ЦВК даць дадатковыя магчымасці для выступаў кандыдатаў у прэзідэнты. Усім кандыдатам. І яшчэ мы рэкамендуем у гэты перыяд — з 6 па 18 снежня — абмежаваць паказ дзеючага прэзідэнта на экранах тэлевізараў”.

Да таго ж у сваёй заяве яны папрасілі ЦВК звярнуцца ў аргкамітэт Усебеларускага сходу з прапановай запрасіць на яго і даць магчымасць выступіць усім кандыдатам у прэзідэнты. А дзяржаўным СМІ — рэкамендаваць пазбягаць негатыўных ацэнак асабістых і дзелавых якасцяў кандыдатаў, а даць магчымасць рабіць высновы выбаршчыкам самастойна.

Фота: Зміцер Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі