Няма выбару — паднялася і ідзі далей: вялікае інтэрв’ю Ціханоўскай для Еўрарадыё

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Акурат тады, калі чытачы Еўрарадыё падводзяць вынікі года, тое самае зрабіла Святлана Ціханоўская. Параўнайце свае вынікі — і вынікі лідаркі дэмсілаў.

А калі ў вас ёсць час паміж падвядзеннем вынікаў і падрыхтоўкай падарункаў — глядзіце поўнае інтэрв’ю на нашым Ютуб-канале.

 

Стома

— Вядома, стомленасць ёсць, і кожны дзень ёсць думкі пра тое, ці не кінуць усё, — прызнаецца Ціханоўская. — Але цяпер не час займацца асабістымі праблемамі. Ты кожны дзень павінны думаць, што зрабіць, каб наблізіць вызваленне нашых людзей. Тут не да адпачынку. Ну, стомленая і стомленая. Няма выбару — паднялася і ідзі далей.

Няма выбару — паднялася і ідзі далей: вялікае інтэрв’ю Ціханоўскай для Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Скандалы, канешне, не дадаюць моцы. Але я стараюся не ўнікаць ва ўсе скандалы, гэта ваш (журналісцкі — Еўрарадыё) прыярытэт. Бо калі ўнікаць ува ўсе скандалы, хто ж працаваць будзе?

Зміцер Лукашук не паверыў Святлане Ціханоўскай у тым, што толькі высокая мэта прымушае яе кожны дзень рухацца далей, і спытаў — мабыць, ёсць нешта вельмі асабістае, што дае моцы?

— Боль і людзі. Кожны канкрэтны чалавек у турме. Боль, які адчуваеш за кожнага чалавека ў турме. Гэта боль, які ператвараецца ў тваю дзейнасць. А таксама мяне натхняюць маленькія перамогі беларускіх супольнасцяў.

 

Вынікі года

Структуры, якія збудавалі беларускія дэмсілы, не разваліліся, нягледзячы на спробы прапаганды — і гэта добры вынік. Ціханоўская заўважае і крыўду з боку беларусаў, ёсць непаразуменне — але і з гэтым беларусы спраўляюцца дзеля агульнай мэты.

— Але ўсе дасягненні перакрэсліваюцца тым, што нашыя родныя — у турмах, а мы — не дома.

Лідарка беларускіх дэмсіл прызнае, што ўсе перамогі гэтага года адбываліся не ўнутры Беларусі, а на міжнароднай арэне.

— Тут можна шмат чаго зрабіць, беларусы, якія выехалі, могуць зрабіць нашмат больш за тых, хто застаўся.

Тое, што мы фармалізуем адносіны з краінамі — гэта вялікае дасягненне. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, але калі ты ўжо фармалізаваў адносіны, гэта значыць, што хто б потым не прыйшоў, гэтая платформа застанецца, і Беларусь будуць у гэтай краіне абмяркоўваць.

Няма выбару — паднялася і ідзі далей: вялікае інтэрв’ю Ціханоўскай для Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Сярод перамогаў гэтага году — паляпшэнне адносінаў з Украінай.

— Сёлета прайшла вялікая канферэнцыя з палком Каліноўскага, а на канферэнцыі 9 жніўня мы вырашылі свой геапалітычны лёс: наша будучыня — ў Еўропе.

 

А можа беларусам у Беларусі не патрэбны еўрапейскі шлях?

Зміцер Лукашук пытаецца ў Ціханоўскай — ці не зашмат бярэ на сябе Офіс, абіраючы еўрапейскі шлях для Беларусі? Ніхто не праводзіў рэферэндум — адкуль нам ведаць, куды насамрэч хочуць беларусы?

— А ці не зашмат бярэ на сябе нелегітымная ўлада, калі зрабіла з нашай краіны суагрэсара?перапытвае Ціханоўская. — Мы выбіраем свабодную, дэмакратычную краіну. Я ўпэўненая, што шмат беларусаў за еўрапейскі шлях, за Еўропу, хоць не ўсе могуць аб гэтым сказаць.

Казаць пра далучэнне да NATO рана, бо гэта не геапалітычны, а ваенны выбар.

 

Беларуская мова

Чым для Ціханоўскай з’яўляецца беларуская мова? Перайсці на беларускую параілі “шэрыя кардыналы”?

— Параіць можна што заўгодна, але калі не можаш і не хочаш — не будзеш рабіць. У мяне павялічылася беларускамоўнае атачэнне. Але больш за ўсё паўплывала тое, што знік сорам, які быў у дзяцінстве, калі табе казалі, што беларуская мова — вясковая.

Мала? Глядзіце поўную версію тут!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі