"Океан Ельзи" пракаментавалі абвінавачанне Вакарчука ў русафобіі

Дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Віталь Мілонаў абвінаваціў лідара гурта "Океан Ельзи" Святаслава Вакарчука ў русафобстве і патрабуе забараніць яму ўезд у Расію. Адкрыты ліст з патрабаваннем ініцыятар закона аб "гей-прапагандзе" адрасаваў міністру культуры РФ. Мілонаў настойвае, што Вакарчук павінен быць унесены ў "чорны спіс" людзей, уезд у Расію якіх непажаданы.

"Хачу нагадаць, што артысты ансамбля даўно займаюць перакананыя антырасійскія і русафобскія пазіцыі. У прыватнасці, лідар "Океана Ельзы "Святаслаў Вакарчук не хавае сваіх нацыяналістычных поглядаў, сімпатызуе украінскім калабарацыяністам часоў Вялікай Айчыннай вайны, выступае супраць увядзення ва Украіне рускай мовы, як другой дзяржаўнай", — заявіў адыёзны дэпутат.

У адказ на гэта "Океан Ельзи" распаўсюдзілі наступную інфармацыю:

"Адносна любых заяў альбо абвінавачванняў, мы гатовыя каментаваць толькі дакументальна пацверджаныя выказванні удзельнікаў нашай групы (напрыклад, відэаматэрыялы)".

Таксама музыкі адзначаюць, што ў іх канцэртных планах зменаў няма. Гурт працягвае канцэртны тур у падтрымку альбома "Земля". Як і раней у яго ўваходзяць гарады Германіі, Польшчы, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Прыбалтыкі і Расіі.

Тым часам з'явілася інфармацыя, што Міністэрства культуры РФ паставіла пад пытанне расійскія гастролі "Океан Ельзи".  Пра гэта паведамляе агенцтва "Інтэрфакс" са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва міністэрства. Па дадзеных крыніцы, у гурта ўзніклі "супярэчнасці фінансавага і тэхнічнага характару з арганізатарамі гастроляў у Расіі". Пры гэтым мэнэджэр гурта Вікторыя Хаменка заявіла, што ніякіх супярэчнасцяў з арганізатарамі ў іх няма. 

У сваім блогу ў Твітары Святаслаў Вакарчук таксама выказаўся наконт абвінавачанняў у нацыяналізме:

"З нагоды ўкраінскага нацыяналізму: Каго вы лічыце нацыяналістам?

Калі таго, чый любімы пісьменнік Чэхаў — то я нацыяналіст.

Калі таго, чыёй першай любімай песняй была "Светит Незнакомая Звезда" — тады я таксама нацыяналіст.

Калі таго, хто 5 гадоў сустракаўся з дзяўчынай габрэйскай крыві — то так, я нацыяналіст.

Калі таго, хто спявае ў гурце, у якім два сербы, а адзін на паловы рускі, на палову татарын — то так, я, вядома, нацыяналіст.

Калі таго, хто праводзіць паўгода ў іншых краінах свету, аддаючы на канцэртах сваю энергію любімым гледачам то, несумненна, я нацыяналіст.

Калі таго, хто любіць Санкт-Пецярбург як свой родны горад, то я зноў жа — нацыяналіст.

Калі таго, хто быў сведкам на вяселлі ў сябра-ірландца — то зноў жа, я нацыяналіст...

Калі таго, у каго ў Маскве жывуць такія ж блізкія сябры, як і ў Кіеве, то я відавочны нацыяналіст.

Калі таго, з чыіх вуснаў руская або англійская гучыць гэтак жа часта як і родная ўкраінская — то я стопрацэнтны нацыяналіст.

Ну і яшчэ... Калі, той хто Любіць Сваю Краіну — нацыяналіст, то я.... Ну самі як думаеце? Хто я? І хто вы"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі