Ордар на арышт можа чакаць і Лукашэнку — Кізім
Аляксандр Лукашэнка
Калі ўлады Беларусі працягнуць дзейнасць па вывазе ўкраінскіх дзяцей, то ордар на арышт ад Гаагскага трыбунала можа чакаць і Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю агенцтву "Позірк" амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім.
Паводле яго, кампэтэнтныя органы ў Кіеве цяпер вывучаюць матэрыялы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення аб датычнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей.
Кізім адзначыў, што Расія гвалтоўна пакідае на сваёй тэрыторыі ўкраінскіх дзяцей і адаптуе іх там праз усынаўленне. "Гэта — злачынства, за якое Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выпісаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Я думаю, што калі беларускі рэжым працягне дзейнасць у гэтым кірунку, то такі самы лёс можа чакаць і Лукашэнку", — сказаў дыпламат. Ён падкрэсліў, што "калі казаць з пункту гледжання маралі — гэта подла, бо дзяцей яны перавыхоўваюць у прарасійскім, антыўкраінскім кантэксце". Паводле Кізіма, ён не чуў пра факты ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.
Журналісты таксама спыталі дыпламата пра будучыню беларуска-ўкраінскіх стасункаў. "Думаю, з часам мы зразумеем адно аднаго. У нас з беларускім народам значна больш агульнага, чым з расійскім, які замбаваны і падтрымлівае вайну. Мы зможам выбудаваць новыя адносіны", — адказаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.