Пад Мінскам даішнікі стралялі па мікрааўтобусе, але ён прарваўся ў сталіцу
У Мінску затрымалі нецвярозага кіроўцу мікрааўтобуса. Каля 15-й гадзіны ў панядзелак, 3 снежня, ён учыніў ДТЗ каля вёскі Манькаўшчына Валожынскага раёна. З месца з'ехаў. Пагоня за мікрааўтобусам пачалася на трасе Мінск — Гродна, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ДАІ.
Яшчэ да сталіцы даішнікі спрабавалі спыніць мікрааўтобус, стралялі па колах (па некаторых звестках, у пагоні ўдзельнічалі чатыры экіпажы ДАІ). Аднак зламыснік прарваўся ў Мінск. Затрымалі яго на Вязынскай вуліцы. У кіроўцы выявілі 2 праміле алкаголю. На мужчыну склалі тры пратаколы. Сведкі кажуць, што мікрааўтобус спыніўся пасля таго, як сутыкнуўся са слупом. Кіроўца разбіў галаву аб лабавое шкло, яго забірала "хуткая".