Па нашых законах міліцыя можа сарваць нават святкаванне дня нараджэння

У Гродне міліцыя і чыноўнікі сарвалі прэзентацыю кнігі Віктара Марціновіча "Мова". Яны з'явіліся адразу пасля пачатку і сказалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае.

Цікава, што прэзентацыя адбывалася не на цэнтральнай плошчы горада, а ў памяшканні Грэка-каталіцкай парафіі. Сустрэчу з Марціновічам сарвалі акурат у той самы дзень, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з кіраўніцтвам усіх трох саюзаў пісьменнікаў, якія ёсць у Беларусі, у тым ліку і незалежнымі.

"Удзень нам абяцаюць падтрымку, а ўвечары фактычна зрываюць сустрэчу", — здзіўляецца Віктар Марціновіч.

Але ўжо на наступны дзень мясцовыя ўлады прызнаюць, што перагнулі палку.

"Так склаліся абставіны. Прэтэнзіі былі не да пісьменніка і не да яго кнігі. А да месца, дзе ён праводзіў дадзенае мерапрыемства. Дадзенае памяшканне, дадзеная абшчына — гэта памяшканне, яшчэ не ўведзенае ў эксплуатацыю. Пра гэта мы неаднаразова папярэджвалі, што нельга там праводзіць мерапрыемствы, нельга парушаць заканадаўства. Размовы будуць не з Віктарам Марціновічам, а з парафіяй Маці Божай Фацімскай. Святар Крот быў у курсе справы", — перадае словы кіраўніка аддзела ідэалагічнай працы Гродзенскага гарвыканкама Віталя Мамачкіна Радыё Свабода.

Праўда, гэтае тлумачэнне зусім не стыкуецца з тым, што адбывалася на прэзентацыі.

"Яны цікавіліся, што я раблю ў гэтым памяшканні. Я сказаў, што сустракаюся з чытачамі. Асноўны фокус быў на тым, што я ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве, не санкцыянаваным гарвыканкамам. Такія былі прэтэнзіі першапачаткова", — распавядае Віктар Марціновіч.

Пісьменніку міліцыянты сказалі, што пра сустрэчу прачыталі ў інтэрнэце і, вядома ж, ведалі, што адбываецца прэзентацыі кнігі.

Святар Андрэй Крот таксама здзіўляецца тлумачэнням чыноўнікаў.

"Са мной не праводзілася ніякіх размоваў аб недапушчальнасці мерапрыемстваў у нашым будынку. Тым больш неаднаразовых. У аблвыканкаме мне гаварылі, што сустрэчы з пісьменнікамі праводзіць можна. Прэтэнзіі, якія выстаўлялі прадстаўнікі міліцыі, — гэта адсутнасць узгаднення мерапрыемства. А прадстаўнік гарвыканкама сказаў, што гэта супрацоўнікі міліцыі звярнуліся ў выканкам з пытаннем аб дапушчальнасці правядзення мерапрыемства".

Прадстаўнік МНС сапраўды прыйшоў разам з міліцыянтамі і склаў пратакол аб парушэннях.

"Але калі ёсць парушэнні, то чаму не прадухілілі? Дастаткова было б пазваніць, і мы б адмянілі мерапрыемства, калі так трэба", — здзіўляецца святар.

Цікава, што кніга Марціновіча "Мова" дазволеная і прадаецца нават у кнігарні праз дарогу ад КДБ.

"Мне здаецца, што тое, што адбылося ў чацвер, нелагічна і вельмі крыўдна. Атрымліваецца, што любое культурнае мерапрыемства ў памяшканні, сустрэчу з чытачамі, чытанні варта ўзгадняць. І што будзе далей?" — задаецца рытарычным пытаннем пісьменнік.

А далей сітуацыя выглядае так, што забараніць сапраўды можна не толькі сустрэчу з чытачамі, а нават дзень нараджэння ў вас дома.

"Нашае заканадаўства сфармуляванае такім чынам, што на любы сход можна патрабаваць дазвол. Яно сфармуляванае так неканкрэтна і так шырока, што пры жаданні можна патрабаваць дазвол у любым выпадку", — кажа старшыня БХК Алег Гулак.

Сход — гэта сумесная прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным месцы пад адкрытым небам ці ў памяшканні, ва ўсталяваны час, для калектыўнага абмеркавання ці рашэння пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы, гаворыцца ў законе.

Таму няважна, якое гэта памяшканне. Зразумела, што ніхто не забараняе дні нараджэння, але фармальна закон можна прымяніць і ў такім выпадку.

Фота: belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі