Па рацэ Мухавец пачаў курсіраваць “дракар вікінгаў” (фота)
Па рацэ Мухавец пачаў курсіраваць “дракар вікінгаў”. Прэзентацыя гістарычнага тура “Бурштынавы шлях” адбылася 25 чэрвеня ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Мерапрыемства арганізавала агратурыстычная супольнасць “Муховэцька кумора”. Свята было прымеркаванае да паспяховай рэгістрацыі маламернага судна “Слейпнір” , якое ўмяшчае да 15 чалавек. Турыстычная імітацыя дракара — карабля вікінгаў — шчасліва прайшла ўсе выпрабаванні і тэсты . Судну прысвоена IV катэгорыя 7-га разраду, то бок, тэарэтычна, на ім нават можна выходзіць у мора, але толькі на некалькі кіламетраў ад берагу.
Знаходзіцца карабель на тэрыторыі аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы”. Гаспадар аграсядзібы Сяргей Палікарпук, які на прэзентацыі “дракара” выступіў таксама ў якасці яго стырнавога, распавёў прысутным пра назву судна.
Палікарпук: “Назву “Слейпнір” падказалі нам нашыя хлопцы з рэканструктарскага клуба. Паводле легенды, гэта — васьміногі конь Одзіна, вярхоўнага скандынаўскага бога. “Слейпнір” перакладаецца як “лёгкі, хуткі”… Назва прыйшла сама сабой, бо нашае судна мае восем вёслаў”.
Каб пагрузіць прысутных у атмасферу сярэднявечча, на прэзентацыі выступілі хлопцы з клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.
Гістарычныя туры будуць праходзіць па выходных. Плаванне на “дракары”, якое доўжыцца 1-1,5 гадзіны, уключае экскурсійную праграму пры дапамозе радыёгіда. У якасці весляроў выступаюць рэканструктары з клубаў “Жалезны жолуд” і “Перунова кола". Усё, як у раннім сярэднявеччы перыяду IX-XI стагоддзя.
“Бурштынавы шлях” – гэта частка шляху “З вараг у грэкі”. Акурат такі праз раку Мухавец купцы вазілі бурштын з Балтыкі да Чорнага мора.