Паборы ў школе: грошы, якія ніхто не кантралюе
“55 мільёнаў здалі, 29 яшчэ трэба”.
“Учора на бацькоўскім сходзе даведалася, што бацькі усіх класаў з 1-га па 4-ты за гэты год ужо добраахвотна праспансіравалі гімназію на 55 млн. Але, вось, не хапае яшчэ 29 млн. Трэба нешта рабіць”. — такую скаргу ад маці школьніцы чытаем у сацсетках.
У школе ж, пра якую ідзе гаворка гэта абвяргаюць: “Грошы здаюць толькі добраахвотна, ніякія спісы вывешваць не маюць права. А грошы бацькоў — толькі сотая частка патрэбаў школы”. Адміністрацыя запэўнівае, што школа будзе стаяць і без бацькоўскіх унёскаў, дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню. Грошы бацькі здаюць — як ім хочацца.
Калі з мяне збіраюць грошы ў школе, як можна адмовіцца?
Па законе ўсе ахвяраванні на школу “добраахвотныя”. Выбіваць іх пад прымусам ніхто не мае ніякага права. Усімі сродкамі займаецца нават не адміністрацыя школы, а “апякунскі” савет. У палажэнні аб апякунскім савеце прапісана:
- Рашэнні апякунскага савета носяць кансультатыўны і рэкамендацыйны характар
- Апякунскі савет з'яўляецца органам самакіравання ўстановы адукацыі і ствараецца з мэтай садзейнічання ў забеспячэнні яго дзейнасці і развіцця.
Задачамі дзейнасці апякунскага савета з'яўляюцца:
- Садзейнічанне установе адукацыі ў развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, забеспячэнні якасці адукацыі;
- Садзейнічанне ў паляпшэнні ўмоў працы педагагічных і іншых работнікаў установы адукацыі;
Хто кантралюе грошы, якія здаюць на школу бацькі?
Ніхто, апроч апякунскага савета. Ні ва ўпраўленні адукацыі, ні ў міністэрстве не вядуць улік, колькі і на што здалі бацькі. Апякунскі савет дае справаздачу толькі бацькам. Але пратакол паседжання апякунскага савета, дзе прапісаныя траты бацькоўскіх грошай можа прагледзець праверка. У трох раённых упраўленнях адукацыі, куды звярнулася Еўрарадыё, не змаглі прыгадаць ніводнай скаргі на паборы ў школе. Ва ўпраўленнях не ведаюць, колькі і на што здаюць бацькі. Не правяралі школьныя паборы і ў Генпракуратуры.
Фота: http://t-l.ru