Пад чэмпіянат свету па хакеі аддадуць 5 студэнцкіх інтэрнатаў
А студэнтам БДУІР прапануюць працаваць на абслузе турыстаў(фота).
“Вучоба ў нас не пераносіцца. З нашага інтэрната ў студэнцкай вёсцы высяляць студэнтаў і пераселяць у старыя інтэрнаты. Гэта малодшыя курсы. А пяціруснікаў, відаць, высяляць з усіх інтэрнатаў”, — турбуецца студэнтка-пяцірусніца з універсітэта інфарматыкі і электронікі Ганна. Цяпер збіраецца шукаць кватэру, бо трэба выехаць ужо да канца сакавіка.
А ў адміністрацыі гэтай ВНУ супакойваюць, маўляў ёсць рэзервовыя інтэрнаты. Але дакладна не гавораць: ці змогуць перасяліць усіх.
“Па ўсім горадзе ёсць інтэрнаты, якія стаяць у рэзерве, каб студэнтаў са студэнцкай вёскі туды перасяліць. У нас яшчэ крыло адно ёсць у рэзерве”, — расказваюць Еўрарадыё ў БДУІРы.
Кіруемся у студэнцкую вёску на Дзяржынскага, каб даведацца, каго ўсё ж высяляюць, і што ўзамен.
“Ды ўсю гэтую вёску высяляць. Наш інтэрнат дакладна, а дзе мы жыць будзем, не вядома. Давядзецца, можа, кватэру шукаць. У касавіку трэба выехаць”, — расказвае студэнт Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Антон, якога сустракаю каля інтэрнатаў.
У інтэрнаце універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі набіраюць валанцёраў для абслугоўвання турыстаў: у холе абвестка — раяць звяртацца да выхавальнікаў.
“Нас высяляюць, але дадуць іншы інтэрнат. Там новы будзе”, — распавядае студэнтка з Педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка.
Нас не высяляць, упэўненыя студэнткі Беларускага медыцынскага ўніверсітэта.
“Заняткі ж не будуць перапыняць, дык навошта высяляць нас? Відаць, не будуць. Мы нічога не чулі пра гэта”, — расказваюуць студэнткі.
БДУ аддае ад чэмпіянат адзін свой інтэрнат у студэнцкай вёсцы. Але спадзяюцца, што той не спатрэбіцца.
“Усё будзе залежаць ад таго, колькі там будзе заявак. У нас дамова з Цэнтркурортам на наш 4-ы інтэрнат. Студэнтаў будуць некуды перасяляць, але куды…? Мы планавалі ў трэці пасля капрамонту, але яго не дарабілі…”, — рыхтуюцца да чэмпіянату ў студгарадку БДУ.
Пад чэмпіянат па хакеі ў студэнцкай вёсцы Цэнтркурорт мае пяць інтэрнатаў, падлічваюць у дзяржаным турагенцтве. Тут ужо называюць інтэрнаты “Фан-вёскай”.
А вось такая абвестка цяпер вісіць ў інтэрнаце БДУІР
Фота - Еўрарадыё
На фота - студэнцкая вёска на Дзяржынскага