Пад Мінскам з'явіўся аграпарк, дзе можна падаіць казу і прайсці "жывы" лабірынт
19 жніўня ў Дзяржынскім раёне адкрыецца першы ў Беларусі забаўляльны аграпарк "Кукупаліс". У ім будзе працаваць кантактны заапарк з магчымасцю пакатацца на конях і падаіць казу. А яшчэ адным атракцыёнам там будзе "жывы" лабірынт, пракладзены праз кукурузнае поле, піша Relax.by.
У лабірынта будзе некалькі узроўняў складанасці: яго можна праходзіць як аднаму, так і камандай. Гэта будзе квест, удзельнікі якога ў гульнявой форме атрымаюць або правераць свае веды пра гісторыю і культуру Беларусі. У зоне адпачынку побач з возерам будуць працаваць атракцыёны і намётавы гарадок. Наведвальнікі змогуць палётаць на дэльтаплане, паслухаць музыку, падсілкавацца на фудкорце і набыць фермерскія прадукты.
"Кукупаліс" месціцца ў 30 км ад Мінска на тэрыторыі фермерскай гаспадаркі "ДАК": хутар Лізавецін, Дзяржынскі раён. Забаўляльны аграпарк будзе працаваць з 19 жніўня па 29 кастрычніка. Кошт квітка: ад 5 да 7 рублёў. Дзецям да 7 гадоў уваход бясплатны.