Пад Рэчыцай даішнікі са стралянінай спынялі п'янага кіроўцу
У Рэчыцкім раёне экіпаж ДАІ быў вымушаны адкрыць страляніну, каб спыніць п'янага кіроўцу, перадае БЕЛТА.
Здарэнне адбылося 14 ліпеня каля 23.30. Даішнікі звярнулі ўвагу на аўтамабіль "Дэу", які, віляючы з боку ў бок, ехаў насустрач ім з боку вёскі Заходы па аўтадарозе Акцябрскі-Парычы-Рэчыца. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі запатрабавалі ў яго спыніцца і ўключылі светлавую і гукавую сігналізацыю. Аднак кіроўца праігнараваў іх сігналы і працягнуў рух. Міліцыянты вырашылі выкарыстаць агнястрэльную зброю, каб спыніць машыну парушальніка.
Міліцыянты зрабілі тры папераджальныя стрэлы ў паветра, але кіроўца не адрэагаваў на іх. Пасля гэтага даішнікі некалькі раз прыцэльна стрэлілі па колах аўтамабіля, але мужчына і не думаў спыняцца. Каля павароту на вёску Васількава ён прыпыніўся, а потым паехаў заднім ходам на аўтамабіль ДАІ. "Пасля наезду на службовае аўто парушальнік, пераключыўшы перадачу, працягнуў рух наперад", — кажуць у УДАІ.
Затрымаць яго ўдалося толькі каля лесу. Выявілася, што 47-гадовы жыхар Рэчыцкага раёна ўцякаў ад экіпажа ДАІ, бо ад яго зыходзіў рэзкі пах алкаголю. У ДАІ кажуць, што мужчына адмовіўся прайсці медагляд. Пазней ён прызнаўся, што не хацеў, каб яго пакаралі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.
На кіроўцу склалі восем адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне правілаў дарожнага руху. Таксама на яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі.