Пад Віцебскам пахаванне чумных свіней размыла дажджамі? (фота)
Пахаванне выяўленае недалёка ад Віцебску — прыкладна за 5 кіламетраў ад вёскі Яроміна, каля 25 кіламетраў ад мяжы з Расіяй.
Яма знаходзіцца за пару дзясяткаў метраў ад прасёлкавай дарогі. На яе вецер даносіць смурод жывёльных трупаў, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
З нейкай прычыны яму засыпаць не сталі: побач засталася груда выкапанай зямлі вышэй за чалавечы рост. Відаць, рэшткі жывёл толькі злёгку прысыпалі тонкім пластом пяску, які змылі нядаўнія дажджы. Цяпер у лужыне на дне ямы плавае цела велізарнай свінні, тут і там тырчаць то лыч, то капыт.
Паводле ветэрынарных правілаў, пахаванне жывёлаў павінна быць не толькі засыпана выкапанай зямлёй, але і над ёй павінен быць насыпаны курган вышынёй не меней за паўметра.
"Народныя навіны Віцебска" выказваюць меркаванне, што да ямы могуць наведвацца жывёлы, якія ядуць падаль. У іх лік уваходзяць і дзікі, якія могуць стаць разносчыкамі афрыканскай чумы свіней. Нагадаем, што пад Віцебскам афіцыйна прызнаная ўспышка гэтай эпідэміі.
У Воранаўскім сельсавеце "Комсомольской правде в Беларуси" паведамілі, што ў яме пахаваныя адстраляныя дзікі. А выпадкаў свіной чумы тут не зафіксавана.
Фота — news.vitebsk.cc