Падаляк: расійскія мабілізаваныя ў Беларусі могуць бунтаваць супраць Лукашэнкі

Міхаіл Падаляк / прэс-служба прэзідэнта Украіны
Міхаіл Падаляк / прэс-служба прэзідэнта Украіны

Аляксандру Лукашэнку варта асцерагацца расійскіх вайскоўцаў, якія прыедуць у Беларусь. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв'ю агенцтву УНІАН.

Па словах Падаляка, Лукашэнка не адчувае такой легітымнасці, як было да восені 2020 года. "З іншага боку, ён знаходзіцца пад надзвычайным ціскам Пуціна, які хоча ад Саюзнай дзяржавы атрымаць больш інтэнсіўны ўдзел у вайне. Гэта пагражае Беларусі рэзкім абнуленнем перспектыў дзяржаўнасці. І ў Беларусі гэта разумеюць, у тым ліку Лукашэнка, што гэта рэзкі рост санкцыйнага ціску, магчымасць эфектыўнай працы ўкраінскага войска, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі", — кажа прадстаўнік украінскага кіраўніцтва.

На думку Падаляка, Лукашэнка паспрабуе выказваць лаяльнасць да Расіі, але не пераходзіць да канкрэтных дзеянняў.

Расія, кажа ён, спрабуе адправіць у Беларусь да 20-30 тысяч мабілізаваных вайскоўцаў. Іх прысутнасць у Беларусі, на думку Падаляка, пагражае ў тым ліку і Лукашэнку: "Яны могуць нават паспрабаваць зладзіць бунт і перахапіць у Лукашэнкі кіраванне вайскоўцамі".

Ён дадаў, што ў беларускім войску вялікая колькасць расійскіх генералаў і палкоўнікаў на розных узроўнях кіраўніцтва.

Разам з тым спробу ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі Падаляк ацэньвае як не вельмі верагодную. "На мяжы з Беларуссю ва Украіне сканцэнтраваныя сілы абароны і праводзяцца вайсковыя вучэнні. І мінныя палі ёсць, і добра ахоўваецца сам перыметр мяжы. Гэта ўсё кантралюецца", — дадаў ён.

Дарэчы, 4 кастрычніка Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў расійскай вайне супраць Украіны (ён назваў яе "спецыяльнай вайсковай аперацыяй"). Пры гэты ён падкрэсліў, што беларускія вайскоўцы "нікога не забіваюць", а прыкрываюць Расіі спіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі