Падарожжы за чужы кошт: як шыкаваў Беларускі Чырвоны Крыж
“Бюро” расказала пра цёмны бок арганізацыі
Беларускі Чырвоны Крыж за гады свайго існавання ў незалежнай Беларусі неаднаразова рабіўся прычынай скандалаў. Добраахвотна-прымусовыя сяброўскія складкі, удзел у выбарчых камісіях падчас выбараў, вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны і многае іншае.
Тэма новага расследавання "Бюро" — як жыў Чырвоны Крыж пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Шаўцова. За чый кошт той лётае са "світай" у міжнародныя камандзіроўкі? Як размяркоўваюцца замежныя грошы ў рамках міжнародных праектаў?
На сайце БТЧК у навіне за 8 чэрвеня пералічваюцца "дасягненні" дэлегацыі: наведалі, азнаёміліся, сустрэліся. Асобна згадваецца сустрэча з кіраўніком Турэцкага Чырвонага Паўмесяца і падпісанне з ім дапаўненняў да мемарандума аб узаемаразуменні. Практычна ўся праграма камандзіроўкі выкананая за тры дні да яе заканчэння.
Ужо раніцай 11 чэрвеня ў Стамбуле дэлегацыя абмяркоўвала вынікі паездкі. Затым горад быў у распараджэнні абсалютна свабодных супрацоўнікаў аж да вылету ўвечары 12 чэрвеня. У Беларусь кампанія прыляцела 13 чэрвеня каля 5 гадзін раніцы.
У колькі абышлася гэтая паездка вярхушцы БТЧК? Ва ўцечцы, на жаль, няма чэкаў ці іншых дакументаў на пражыванне і харчаванне, толькі авіябілеты. Але прыкладныя выдаткі можна разлічыць.
Для гэтага "Бюро" звярнулася да пастановы Саўміна, якой кіруецца БТЧК, арганізуючы замежныя камандзіроўкі. За дзень беларускаму работніку ў Турцыі належыць 40 долараў камандзіровачных, яшчэ 90 долараў — выдаткі на жыллё. Выходныя дні, дні ад'езду і прыезду аплачваюцца як працоўныя. Паводле падлікаў журналістаў, на пражыванне і харчаванне выдаткавалі як мінімум 11 тысяч долараў. Разам — больш за 15 тысяч долараў з улікам авіябілетаў.
З дакументаў відаць, што Шаўцоў планаваў кампенсаваць выдаткі на пражыванне з нейкага праекта Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП). "Бюро" адправіла запыт у гэтую арганізацыю, і там пацвердзілі, што аказалі БТЧК мінімальную фінансавую падтрымку, але не ўдакладнілі, на якую суму:
"МФТЧКіЧП падтрымала гэтую магчымасць супрацоўніцтва, узяўшы на сябе выдаткі на паездку невялікай часткі дэлегацыі (двух чалавек), што з'яўляецца звычайнай практыкай".
Такім чынам, шыкоўная паездка ў Стамбул аплачвалася на двух супрацоўнікаў з грошай МФТЧКіЧП і на 8 — з уласных сродкаў БТЧК. Што такое ўласныя сродкі? Гэта не грошы ад сацзаказу ці фінансаванне замежных донараў. Гэта ахвяраванні, спонсарская дапамога і сяброўскія складкі. Тыя самыя, якія складаюць амаль 40% ад усяго бюджэту БТЧК за 2022 год.
Гэта іх збіраюць з беларусаў у добраахвотна-прымусовым парадку па бальніцах і школах.
Сам Шаўцоў, як толькі прыйшоў на сваю пасаду, выдаў загад і прыкладна ўдвая павялічыў прэміі кіраўнічаму складу за праяўленую актыўнасць у вытрасанні грошай з насельніцтва.
Яшчэ ў 2021 годзе ў першасныя арганізацыі пачалі масава дадаваць дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, дамы культуры і яслі-садкі. Інакш кажучы, збіраць пачалі і з тых, каму гэтая дапамога самім спатрэбілася б.
Наступная камандзіроўка, якая выклікала пытанні ў "Бюро", таксама часткова аплачвалася за кошт спонсарскай дапамогі, ахвяраванняў насельніцтва і сяброўскіх унёскаў.
Рымскае рандэву
Амаль праз чатыры месяцы пасля турэцкага ваяжу Дзмітрый Шаўцоў нацэльваецца на новыя гарызонты. Яму трэба ляцець у Рым на запрашэнне Італьянскага Чырвонага Крыжа. На чале з генеральным сакратаром у Італію ляцяць яшчэ чатыры супрацоўнікі БТЧК.
І тут журналістам "Бюро" пашанцавала больш. Выдаткі на гэтую паездку задакументаваныя. Білеты абышліся прыкладна ў 6400 еўра, пражыванне — амаль у 5000 еўра.
Камандзіровачныя зноў разлічым па табліцы Саўміна. Для Італіі гэта 85 еўра за суткі, то-бок 2550 за ўсіх. Агулам амаль 14 000 еўра. Нармальная сума для рымскіх канікул.
Праўда, ёсць нюанс. Як відаць з плацёжак за гатэлі, само БТЧК парушыла пастанову Саўміна па дапушчальных выдатках на жыллё. Мусіць быць 135 еўра за ноч, а ў аднаго з удзельнікаў гэтай дэлегацыі — нумар прэміум коштам амаль 1200 еўра за шэсць начэй, або 235 еўра за ноч. То-бок выдаткі на пражыванне — больш чым у паўтара разу вышэйшыя за норму. Каму дастаўся гэты нумар, застаецца толькі здагадвацца. Але і іншыя нумары даражэйўыя за вызначаную норму.
Гэтым разам Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца пагадзілася кампенсаваць выдаткі на суму не больш чым 7500 еўра, узяўшы і пераразмеркаваўшы іх з праектаў, якія яны спансаруюць. Выходзіць, што яшчэ амаль такую ж суму БТЧК зноў узяла з уласнай касы, бо для Рыма нічога не шкада.
Гэтыя дзве паездкі прадстаўнікоў вярхушкі БТЧК наглядна дэманструюць: грошы на камандзіроўках арганізацыя не эканоміць. Замест пяці дзён ляцяць на дзевяць і заказваюць нумары прэміум. І ўсё гэта — за кошт добраахвотна-прымусовых унёскаў і вылучаных на канкрэтныя праекты грошай ад міжнародных арганізацый.
"Бюро" датэлефанавалася да першага намесніка генеральнага сакратара Раманіі Зорынай і яе кіраўніка Дзмітрыя Шаўцова, але яны адмовіліся адказваць на пытанні журналістаў. Пасля гэтага быў адпраўлены афіцыйны запыт у БТЧК, але адказу не было.
***
З 1 снежня 2023 года Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства беларускай арганізацыі. Гэта азначае адсутнасць фінансавання арганізацыі і няўдзел у міжнародных праграмах.
Міжнародная федэрацыя патрабавала адхіліць ад пасады Шаўцова, які ўдзельнічаў у вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый і сам наведваў Данбас у вопратцы з сімвалам Z. Аднак Беларускі Чырвоны Крыж, наадварот, пераабраў Шаўцова на новы тэрмін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.