Кіберпартызаны ўзламалі сайт Беларускага Чырвонага Крыжа
Украінскія дзеці ў Мінску / sb.by
Кіберпартызаны ўзламалі сайт Беларускага Чырвонага Крыжа. На старонцы размясцілі дакументы, якія сведчаць пра ўдзел БАЧК у вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.
Гаворка ідзе ў тым ліку пра "аздараўленне" у Наваполацку 50 дзяцей з Лісічанска ў снежні 2022-га, "мерапрыемствы па сацыялізацыі і інтэграцыі ў беларускае грамадства", а таксама пра місію ў "ДНР" і "ЛНР".
Праз некалькі хвілін пасля публікацыі сайт БЧК перастаў адкрывацца.
У сакавіку 2023-га Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. У такой сітуацыі Еўрапарламент заклікае Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордара на арышт Лукашэнкі.
А міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордар на арышт генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, "які публічна прызнаўся ў злачынстве незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны".
Абвінавачванне ў ваенным злачынстве — "арганізаваным і сістэматычным вывазе ўкраінскіх дзяцей" — вельмі хвалюе Аляксандра Лукашэнку. Ён не хоча ў Міжнародны крымінальны суд у Гаагу, а яго дыпламаты намагаюцца даказваць яго невінаватасць.
Тым часам Міжнародны Чырвоны Крыж правярае Беларускі Чырвоны Крыж на адпаведнасць правілам міжнароднага руху. Перад гэтым згаданы Дзмітрый Шаўцоў з'явіўся на Данбасе ў джэмперы з нашытай літарай Z. Потым ён публічна прызнаў, што БЧК дапамагае ў вывазе ў Беларусь дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. За гэта Украінскае таварыства Чырвонага Крыжа заклікала выключыць Беларусь з міжнароднага руху.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.