Падчас Стратэгічнага дыялогу з ЗША ўздымалі 3 праблемы, звязаныя з палітвязнямі

Вольга Гарбунова

Вольга Гарбунова

Падчас Стратэгічнага дыялогу з ЗША дэмакратычныя сілы Беларусі ўздымалі тры праблемы, звязаныя з палітвязнямі. Пра гэта расказала прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вольга Гарбунова.

Найперш — гэта стварэнне сумеснай групы па вызваленні палітвязняў, у якой маглі б абмяркоўвацца спосабы вызвалення. Па словах Гарбуновай, гэта не будзе перамоўная група, бо прадстаўнікі дэмсілаў не з'яўляюцца для Лукашэнкі суб'ектамі палітыкі. Гаворка ідзе пра сумесную выпрацоўку канкрэтных крокаў і пошук трэціх краін, якія будуць гатовыя выступіць пасярэднікамі.

"Ці будуць уводзіцца новыя санкцыі, ці здымацца старыя — пытанне палітвязняў павінна заставацца цэнтральным. Спачатку людзі, а потым усе астатнія перамовы", — кажа прадстаўніца АПК.

Таксама беларусы падымалі пытанні пра недастатковасць рэсурсаў для тых палітвязняў, якія ўжо выйшлі на волю. "Мы казалі пра стварэнне міжнароднага фонду падтрымкі палітвязняў", — удакладняе Гарбунова.

Трэцім пытаннем была падтрымка арганізацый, якія займаюцца праблемамі палітвязняў. Многія з іх былі разгромленыя ў Беларусі і цяпер аднаўляюць сваю працу за мяжой.

Па словах Гарбуновай, тэма палітвязняў была прыярытэтнай падчас Стратэгічнага дыялогу.

Разам з тым яна згадала, што ў саміх дэмакратычных сілаў няма адзінай стратэгіі ў гэтым пытанні. "Як паказалі нядаўнія слуханні ў Каардынацыйнай Радзе, у нас няма адзінага бачання наконт сітуацыі з вызваленнем палітвязняў", — прызнала Гарбунова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі