"Можа, нам варта сутыкнуцца з рэальнасцю?" Вынік слуханняў аб палітвязнях
Другі дзень слухання Каардынацыйнай рады па палітвязнях
У Варшаве, 3 снежня, завяршыліся слуханні Каардынацыйнай рады па тэме вызвалення палітвязняў у Беларусі. У другі дзень мерапрыемства абмяркоўваліся пазіцыі фракцый. Быў прадстаўлены папярэдні тэкст рэзалюцыі, які пасля дадаткаў і правак будзе апублікаваны пазней.
Меркаванні ў прадстаўнікоў фракцый, чакана, падзяліліся. Большая частка выступае за перамовы з рэжымам, але ёсць і тыя, хто з'яўляюцца прыхільнікамі працягу нарошчвання ціску на рэжым Лукашэнкі.
Са сваімі заявамі выступілі шэсць фракцый: “Адзінства па-над межамі”, “Грамадзянская салідарнасць”, “Моладзевы наступ”, “Шчаслівая нацыя”, фракцыя “Адказнага партнёрства” і “Наша справа”.
Найбольш эмацыйна сваю пазіцыю адстойвала Ганна Краўчанка, прадстаўніца фракцыі “Моладзевы наступ”. Яна заявіла, што дэмакратычныя сілы губляюць час, чакаючы наступстваў ад ціску на рэжым.
– Можа, нам варта сутыкнуцца з рэальнасцю? І пачаць дзейнічаць у адпаведнасці з ёй? А ці не ў адпаведнасці з нашымі фантазіямі? Калі кансалідацыі і ціску не адбылося за тры гады, можа, трэба задумацца, чаму? – абуралася спікерка.
Пасля асноўнай часткі мерапрыемства адбылася прэзентацыя чарнавога варыянта рэзалюцыі Каардынацыйнай рады па палітвязнях.
Віцэ-спікерка КР Алена Жываглод расказала, што праект рэзалюцыі будзе апублікаваны ў публічнай прасторы раніцай 4 снежня. Праўкі ў яго змогуць уносіць усе фракцыі КС, а таксама ўсе ахвочыя беларусы.
Свае прапановы можна пакідаць у google-форме да канца дня 6 снежня.
– Пасля гэтага рабочая група Каардынацыйнай рады апрацуе ўсе ўнесеныя прапановы, будзе праведзена галасаванне агульным складам КС і 11 снежня будзе прынята рашэнне, – адзначыла Алена.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.