Падчас уборкі на стадыёне “Дынама” падлеткі атрымалі хімічныя апёкі

Падчас уборкі на стадыёне “Дынама” падлеткі атрымалі хімічныя апёкі

21 чэрвеня ў Мінску ўрачыста адкрываюць стадыён “Дынама”. 19 чэрвеня на арэне зладзілі генеральную ўборку, да якой прыцягнулі педагогаў, навучэнцаў каледжаў і курсантаў. Як стала вядома Еўрарадыё, як мінімум дзве навучэнкі Мінскага каледжа прадпрымальніцтва падчас уборкі атрымалі хімічныя апёкі.

"Кіраўніцтва каледжа сказала, што трэба дапамагчы прыбраць стадыён “Дынама”, а за гэта будуць выдадзеныя квіткі ў аквапарк. Я адразу хачу сказаць, што я не супраць уборак. Гэта цудоўная падзея, адкрываюць цудоўны стадыён, гэта наш любімы горад, — распавядае Марына, маці навучэнкі Мінскага каледжа прадпрымальніцтва. — Але чаму падлеткі працуюць з нейкімі небяспечнымі хімікатамі?"

Адной з пацярпелых дзяўчынак 16 гадоў. Па словах яе маці, валанцёрам выдалі ці то нейкую кіслату, ці то растваральнік, які адной дзяўчыне апёк калена, а другой патрапіў у вока.

"Спачатку яны мылі сядзенні на стадыёне вадой і анучамі, а потым ім прынеслі вядро з кіслатой, і кажуць, маўляў, давайце вось будзеце змываць фарбу кіслатой. Пагадзілася на гэта толькі некалькі чалавек. Мая дачка адмовіліся. А потым, калі кіслата падзейнічала, ім выдалі анучы, ваду і вёдры, і сказалі яе змываць. Пры гэтым ніякіх пальчатак астатнім не выдалі. Адной дзяўчынцы апякло каленку, а маёй дачцэ кропля трапіла ў вока. Ужо дома мы прамылі вока вадой, але пякота захоўвалася да вечара. Цяпер вока ў парадку".

Падчас уборкі на стадыёне “Дынама” падлеткі атрымалі хімічныя апёкі
Фота: vk.com/brsm_bsatu

Школьнікаў на ўборцы не было ці амаль не было — яны якраз раз’ехаліся на канікулы. А вось у навучэнцаў каледжаў цяпер сесія, таму іх папрасілі дапамагчы з уборкай на “стратэгічным аб’екце”. Пры гэтым, па словах маці пацярпелай, выкладчык, які быў абавязаны суправаджаць дзяцей, у гэты момант адсутнічаў:

"Каледж адрэагаваў на мой званок, — працягвае Марына. Вядома, з іх боку быў недагляд, таму што педагог у той момант адсутнічаў. Яны гэта прызналі і былі вельмі ўсхваляваныя тым, што адбылося. Яны звязаліся з “Дынама”, і тыя ім сказалі, што гэта была нібыта не кіслата, а нейкі растваральнік, ацэтон ці нешта такое. Але што гэта змяняе?"

Маргарыта, вучаніца Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, распавядае Еўрарадыё, што гаворка ішла менавіта пра кіслату. Яе ім выдаў нейкі мужчына ў касцюме:

“Не ведаю, ці былі гэта супрацоўнікі Дынама. Хадзілі там, пальчыкам вадзілі, правяралі чысціню уборкі. Яны былі ў касцюмах, прынеслі нам спачатку кіслату, а потым ваду і анучы, каб яе змываць. Мы спыталі ў іх, ці разумеюць яны, што зараз без пальчатак будзем змываць тую ж самую кіслату. І мужчына ў касцюме, які сачыў за нашай працай, усміхнуўся і паківаў галавой”.

Куратар, замацаваны за іх групай, не прысутнічаў на ўборцы. Замацаваная за імі выкладчыца хутка сышла, даручыўшы сваіх вучняў прадстаўніку Фрунзенскага раёна, хаця насамрэч, каледж знаходзіцца ў Першамайскім раёне.

Падчас уборкі на стадыёне “Дынама” падлеткі атрымалі хімічныя апёкі
Фота: vk.com/brsmfrc

Дырэктар Мінскага каледжа прадпрымальніцтва Віктар Малатоўнік заявіў Еўрарадыё, што яго гадаванцы на ўборку стадыёна “Дынама” не хадзілі:

"У вас няправільная інфармацыя. Нашы студэнты не прысутнічалі на ўборцы".

Але намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Казак пацвердзіла Еўрарадыё, што навучэнцы каледжа ўсё ж такі былі на той уборцы. Яна, дарэчы, праходзіла ў межах акцыі БРСМ "Труд крут!":

"У мяне ёсць афіцыйны ліст ад БРСМ  і ўнутраны загад на ўдзел у конкурсе. Ва ўборцы стадыёна Дынама ад нашага каледжа ўдзельнічалі толькі прадстаўнікі студэнцкага атрада БРСМ, на добраахвотнай аснове".

Пры гэтым Таццяна Казак запэўніла, што ніхто з іх студэнтаў не звяртаўся са скаргамі на нейкія апёкі:

"Калі мы некуды вывозім нашых навучэнцаў, іх заўсёды суправаджаюць. Дзеці, якія былі там, ні па якую дапамогу не звярталіся. А сярод суправаджальнікаў была і я, але пра такія інцыдэнты мяне не інфармавалі".

Вось такія апёкі Шродынгера. Пацярпелым адміністрацыя каледжа кажа, што яны ўсё правераць і разбяруцца, а прэсе адказныя асобы распавядаюць, што іх навучэнцаў там наогул не было.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі