Падчас зачысткі тралейбуса міліцыянту разбілі брыво, ён шпіталізаваны

Падчас зачысткі тралейбуса міліцыянту разбілі брыво, ён шпіталізаваны

Міністэрства ўнутраных спраў пракаментавала затрыманні ў Мінску, якія адбыліся 15 сакавіка пасля дазволенай уладамі вулічнай акцыі супраць дэкрэта № 3. Афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі Георгій Яўчар тлумачыць дзеянні міліцыі “грубым парушэннем закона аб масавых мерапрыемствах, які забараняе хаваць твары пад маскамі". Чаму затрыманні ўдзельнікаў акцыі, якія парушаюць закон, адбыліся ўжо пасля маршу і людзьмі ў цывільным, Яўчар не тлумачыць. За тое апраўдвае зачыстку тралейбуса, дзе ехалі анархісты, тым, што “правапарушальнікі маглі ўцячы".

Асобную ўвагу ў сваім звароце Яўчар надае таму, што пратэстоўцы аказалі супраціўленне падчас затрымання, у выніку чаго адзін міліцыянт атрымаў траўму і быў шпіталізаваны. Пацярпелага праваахоўніка паказваюць з разбітым брывом. На відэа спачатку ён пакутуе ад болю, потым з’яўляюцца кадры, як доктар наклейвае на брыво пластыр, потым яму бінтуюць усю галаву, а ў фінале відэа пацярпелы міліцыянт ляжыць пад капельніцай, але ўжо без павязкі.

Еўрарадыё знайшло шпіталізаванага праваахоўніка на іншым відэа, якое здымалі мінакі падчас зачысткі тралейбуса. Ён сапраўды выходзіць з транспарту з акрываўленым тварам і спакойна сядае на месца пасажыра ў міліцэйскі бус. Апрануты міліцыянт у грамадзянскую вопратку, зразумець, што ён прадстаўляе МУС, немагчыма. Не заўважна і каб ён кепска сябе адчуваў.

Нагадаем, пасля жорсткай зачысткі тралейбуса 15 сакавіка, за краты трапілі дзясяткі чалавек. Суды праходзілі на наступны дзень у чацвер, пратэстоўцы атрымлівалі адміністрацыйныя арышты — ад 12 да 15 сутак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі