Падлетак, якога абвінавацілі ў збіцці амапаўца, атрымаў "дамашнюю хімію"
17-гадовы Аляксандр Харута, якога абвінавацілі ў нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў амапаўцу, атрымаў абмежаванне волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову (так званую "дамашнюю хімію"). Менавіта гэтага і патрабаваў пракурор. Прысуд быў агучаны раніцай 1 лістапада ў Цэнтральным судзе Мінска. Пацярпелы Алег Шарко сёння ў суд не прыйшоў (ён, дарэчы, ужо не служыць у АМАП).
Як паведамляла Еўрарадыё, хлопец сваёй віны не прызнаў. Паводле яго слоў, ён мог закрануць праваахоўніка выпадкова. Сама гісторыя Харуты стала вядомая, дзякуючы праваабаронцам. У ліпені юнак разам з сябрам у грамадскім месцы распіваў алкагольныя напоі і быў затрыманы. Паводле яго слоў, амапаўцы пасля затрымання яго збілі ў аўтазаку, быццам бы, пагражалі. Харута і яго сябар напісалі заяву ў міліцыю. Аднак Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу супраць амапаўцаў.