"Падвойнае жыццё Веранікі", "Тры колеры" — у Мінску пакажуць фільмы Кеслёўскага
Па пятніцах і суботах з 12 сакавіка па 10 красавіка ў сталічным Silver Screen Galileo пакажуць фільмы аднаго з самых вядомых рэжысёраў Польшчы Кшыштафа Кеслёўскага. Паказы адбудуцца ў межах кінапраекту "Уікенды з ...". Прадставіць фільмы і абмяркуе іх з гледачамі вядомы беларускі кіназнаўца Ігар Сукманаў.
Падчас "Уікэндаў" будзе прадэманстравана 9 значных працаў Кеслёўскага, а таксама падборка дакументальнага кіно, якое ад пачатку займала ў фільмаграфіі рэжысёра асаблівае месца.
"Кеслёўскі спачатку здаваўся сацыяльным аўтарам — ён маляваў, як бяздушная ідэалогія сацыялістычных догмаў занявольвае парывы і ідэалы мэтанакіраваных людзей, энтузіястаў і рамантыкаў. Потым ён пераклаў жыццёвыя гісторыі ў сферу маральных пастулатаў, злучыў з хрысціянскімі запаведзямі жыццё шараговых палякаў. Пазней яго маральныя пасланні здабылі "боскае дыханне": Кеслёўскі стаў дэміургам і вяршыцелем лёсаў сваіх герояў, даруючы ім жыццё або смерць у залежнасці ад сілы свайго жадання. Будзённасць саступіла месца таямніцы. Шараговыя падзеі напоўніліся таемнымі знакамі жыцця", — тлумачыць Ігар Сукманаў сутнасць кінематографа Кеслёўскага.
Расклад фільмаў:
12 сакавіка — "Кінааматар"
12 сакавіка — "Без канца"
19 сакавіка — "Кароткі фільм пра забойства";
20 сакавіка — "Кароткі фільм пра каханне";
26 сакавіка — "Выпадак";
27 сакавіка — "Падвойнае жыццё Веранікі";
2 красавіка — "Тры колеры: сіні";
3 красавіка — "Тры колеры: белы";
9 красавіка — "Тры колеры: чырвоны";
10 красавіка — "Гаворачыя галовы" і іншыя гісторыі".
Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.
Праект "Уікэнды з Кшыштафам Кеслёўскім" арганізуе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн", выступаючы гідам па якаснаму кіно для тых, хто паспеў засумаваць па пракаце свежых аўтарскіх карцін. Праект арганізаваны ў супрацоўніцтве з Інстытутам Адама Міцкевіча ў межах POLSKA 100 — міжнароднай культурнай праграмы да стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.