Паэт Леанід Пранчак падаў у суд на Ірыну Дарафееву за парушэнне аўтарскіх правоў

Ірына Дарафеева / Фэйсбук
Ірына Дарафеева / Фэйсбук

4 снежня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў шостага склікання, спявачка Ірына Дарафеева расказала Еўрарадыё, што падчас працы ў парламенце яе асабліва цікавіла творчая сфера.

"Я адстойвала правы непасрэдна аўтараў, гэта было важна, — кажа Дарафеева. — Але цяпер, прызнаюся шчыра, сама ўдзельнічаю ў маленькім судовым працэсе".

Спявачка судзіцца з беларускім паэтам і перакладчыкам, аўтарам папулярных песень Леанідам Пранчаком. Той падаў на яе ў суд, таму што Дарафеева без дазволу выпусціла 200 экзэмпляраў дыска з выкананай ёю песняй "Талака" на яго вершы.

"Гэта былі падарункавыя дыскі да юбілею, — кажа спявачка. — Мне яны былі патрэбныя, каб раздаць аўтарам і музыкам. Іх не хапіла. Тым не менш ён [Пранчак — Еўрарадыё] дзесьці дыск знайшоў і вырашыў пасудзіцца менавіта за песню "Талака", якую выконваў мільён выканаўцаў, асабіста я спявала яе яшчэ ў 93-м годзе на фестывалі ў Маладзечне".

Дарафеева кажа, што, запісваючы "Талаку", думала, што паэт будзе шчаслівы ўбачыць яе на дыску, маўляў, песня не забытая.

"Нібы так, але хочацца трошкі грошай", — усміхаецца спявачка.

Апошняе пасяджэнне ў судзе па гэтай справе адбудзецца 30 снежня. Дарафеевай пагражае штраф да 10 базавых велічынь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі