Беларускага паэта Алеся Плотку не пусцілі ва Украіну нягледзячы на ВНЖ
Алесь Плотка / facebook.com/baisanpersonal
Украінскія памежнікі адмовілі беларускаму паэту і музыку Алесю Плотку ва ўездзе ў краіну, хаця ў яго ёсць кароткачасовы від на жыхарства. Не дапамаглі нават дадатковыя лісты ад дыпкорпусу.
Плотка зрабіў дзве спробы трапіць ва Украіну, але абедзве аказалія безвыніковымі.
"Мэтай візіту былі новыя кантакты, валанцёрскія дзеянні і праекты на карысць Украіны, якія я дакладна прагаварыў і патлумачыў, і таму гэта даволі крыўдна, бо я не займаюся вайсковым турызмам у гэты цяжкі час. Але што ж, Украіне таксама бывала значна болей балюча ад дзеянняў, звязаных з Беларуссю", — заявіў паэт у каментары Радыё "Свабода".
Ён просіць не рабіць глабальных высноваў з гэтага здарэння. Па яго словах, у беларусаў і ўкраінцаў "вораг застаецца агульным, а з бардаком неяк разбярэмся".
Алесь Плотка жыў ва Украіне два гады, да траўня 2022-га. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну паэт нейкі час валанцёрыў у Львове, плёў маскавальныя сеткі. Цяпер ён жыве ў Вільні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.