Паездкі Лукашэнкі ў 2015 годзе. Дзе пабываў кіраўнік Беларусі (мапа)

Паездкі Лукашэнкі ў 2015 годзе. Дзе пабываў кіраўнік Беларусі (мапа)

Масква

Замежныя паездкі кіраўніка краіны сёлета пачаліся вясной — 3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Маскву на пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Масквой яны і скончыліся — напрыканцы снежня кіраўнік Беларусі ездзіў у сталіцу Расіі двойчы. Злыя языкі кажуць, што па грошы — у бюджэце не хапае сродкаў на наступны год. Але, вярнуўшыся, Лукашэнка паведаміў, што “2016 будзе складаным, як ніколі ў гісторыі”. Відаць, не дамовіўся. А яшчэ ў траўні кіраўнік Беларусі быў у Маскве перад урачыстым парадам — усклаў кветкі да магілы Невядомага салдата. Праўда, на парад 9 траўня не застаўся — вярнуўся дадому ў Мінск. Чым выклікаў абурэнне цэнтральных расійскіх СМІ.

 

Астана

У Казахстане кіраўнік Беларусі быў таксама у пачатку вясны — 19-20 сакавіка. Сустрэўся там з Назарбаевым, паспадзяваўся на нарошчванне тэмпаў гандлю паміж Беларуссю і Казахстанам: "У нашых двухбаковых адносінах нібыта ўсё не так дрэнна. Хоць запаволенне ёсць, і хацелася б, каб перш за ўсё гандаль развіваўся вялікімі тэмпамі. Але вядомыя падзеі звонку, абвал расійскага рубля амаль у два разы, вядома ж, паўплывалі на сітуацыю ўнутры Казахстана, унутры Беларусі".

Мяркуючы па навінах што з Казахстана, што з Беларусі — на вялікія тэмпы развіцця таваразвароту разлічваць не даводзіцца.

Паездкі Лукашэнкі ў 2015 годзе. Дзе пабываў кіраўнік Беларусі (мапа)
Кіраўнік Беларусі ў Грузіі

Тбілісі

23 красавіка Лукашэнка ўжо быў у Грузіі, на сустрэчы са сваім калегам Георгіем Маргвелашвілі. І ўмудрыўся крыху аканфузіцца, пахваліўшы пры ім лютага саперніка, Міхаіла Саакашвілі. "У палітыцы ў нас няма ніякіх супярэчнасцяў. Я ўдзячны і былому прэзідэнту, і вам за тое, што вы ўсюды на Захадзе нас падтрымлівалі і падтрымліваеце", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Праўда, зрабіў і нечаканы і вытанчаны дыпламатычны рэверанс. Заявіў, што “ніколі раней не быў у Грузіі”, хіба што “толькі ў савецкі час у Сухумі”. Грузіны намёк ацанілі.

 

Ісламабад

28-29 траўня Аляксандр Лукашэнка робіць, відаць, самы экзатычны афіцыйны візіт 2015 года — ён едзе ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан. Прэзідэнт Пакістана Мамнун Хусэйн сустрэў Лукашэнку каля брамы сваёй рэзідэнцыі. Яны спачатку пагутарылі ў асабістым кабінеце Хусэйна сам-насам, а затым працягнулі перамовы з удзелам чальцоў дэлегацыі.

"У нас няма практычна ніякіх праблем у сферы палітыкі, мы супрацоўнічаем у міжнародных арганізацыях, падтрымліваем адзін аднаго. Я думаю, гэтым шляхам трэба ісці, падцягваючы да супрацоўніцтва і дэпутатаў, і кіраўнікоў ведамстваў… Што да эканомікі, тут нам трэба сур'ёзна папрацаваць… Адкрыццё амбасады ў Ісламабадзе — гэта першы значны крок з нашага боку, які сведчыць пра тое, што мы прыйшлі да вас, з вашага дазволу, сур'ёзна і надоўга", — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту.

Цікава будзе пабачыць вынікі беларуска-пакістанскага супрацоўніцтва ў справаздачах Белстата.

Паездкі Лукашэнкі ў 2015 годзе. Дзе пабываў кіраўнік Беларусі (мапа)
Лукашэнка ў Пакістане

Баку

Лета Лукашэнка пачаў у Азербайджане. 11-13 чэрвеня наведваў Баку. “Падчас кароткай размовы ў будынку аэрапорта з афіцыйнымі прадстаўнікамі прымаючага боку Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў дружалюбны характар адносін як паміж народамі, так і на ўзроўні лідараў дзвюх краін”, — напісана пра гэтую паездку на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі.

 

Уфа

Там Аляксандр Лукашэнка быў 8 ліпеня. Браў удзел у мерапрыемствах, звязаных з правядзеннем сустрэч на вышэйшым узроўні міждзяржаўнага аб'яднання БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Таксама сустракаўся з Уладзімірам Пуціным.

 

Пекін

У Кітаі кіраўнік Беларусі быў тры дні — 1-3 верасня. У Пекіне Лукашэнка ўзяў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да 70-годдзя перамогі ў антыяпонскай вайне (кітайскі аналаг Вялікай Айчыннай) і заканчэння Другой сусветнай. Таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўніцтвам КНР. "У вас цяпер вельмі шмат сяброў. Вы прыдбалі іх зусім нядаўна, калі Кітай стаў адной з самых уплывовых краін у свеце, фактычна другой кропкай прыцягнення многіх дзяржаў нашай планеты", — сказаў ім кіраўнік Беларусі.

 

Сочы

18 верасня, пленарнае пасяджэнне II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Паездкі Лукашэнкі ў 2015 годзе. Дзе пабываў кіраўнік Беларусі (мапа)

Нью-Ёрк

26-29 верасня адбыўся, відаць, самы нечаканы і гучны замежны візіт кіраўніка Беларусі. Прычым не толькі за 2015 год, але ўвогуле. Літаральна за два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка прыязджае на Генеральную асамблею ААН у Нью-Ёрк, выступае там з пацыфісцкімі прамовамі, згадвае вялікую ролю Беларусі ва ўрэгуляванні расійска-ўкраінскага канфлікту, а на развітанне фатаграфуецца з… Баракам Абамам і яго жонкай Мішэль. Фантастыка.

 

Ханой

У тым, што сёлета на выбарах ізноў пераможа Аляксандр Лукашэнка, мала хто сумняваўся. Але вось прадбачыць, што яго першы візіт у якасці пераабранага кіраўніка краіны адбудзецца не ў Маскву, а ў Ханой… А вось яно. 9 снежня на перамовах з прэзідэнтам В'етнама Чыонг Тан Шангам кіраўнік Беларусі гаварыў пра новы ўзровень адносінаў паміж краінамі: "Мы ганарымся тым, што нашы адносіны выходзяць на новы ўзровень глыбокага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва… Як і В'етнам, Беларусь праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку, накіраваную на павышэнне якасці жыцця людзей. Пазіцыі дзвюх краін абсалютна супадаюць па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня”.

Агенцтва БЕЛТА падчас в’етнамскай паездкі Лукашэнкі паведамляла, што кіраўнік Беларусі “лічыць, што ў дзвюх краін ёсць вялікія рэзервы для далейшага развіцця адносін”.

 

Ашхабад

У Туркменістан Лукашэнка прыехаў адразу з В’етнама, быў там ужо 10 снежня. Сустрэўся з прэзідэнтам Гурбангулы Бердымухамедавым, звярнуў увагу на пэўныя праблемы з падзеннем узаемнага таваразвароту, падкрэсліў неабходнасць яго нарошчвання, паколькі гэта падмурак двухбаковых адносін: "Мы поўныя рашучасці аднавіць гэтыя гандлёва-эканамічныя адносіны".

Агулам у 2015 годзе кіраўнік Беларусі з афіцыйнымі візітамі наведаў 9 краін. Часцей за ўсё, як і ў ранейшыя гады, быў у Расіі. Але адкрываў і новае — пабачыў Нью-Ёрк, выпіў грузінскага віна. 2016 год для кіраўніка нашай краіны можа стаць яшчэ больш пярэстым — “чорныя спісы” ЕС больш не працуюць, можна скарыстацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі