Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон "Аб прэзідэнце РБ"
Паседжанне Палаты прадстаўнікоў
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі прынялі ў другім чытанні папраўкі ў закон "Аб прэзідэнце". Закон вырашылі перапісаць з улікам зменаў, якія чарговы раз унеслі ў Канстытуцыю краіны (паводле вынікаў "рэферэндуму" 2022-га года).
Для кандыдатаў у прэзідэнты паднялі ўзроставы цэнз. Цяпер на найвышэйшую пасаду краіны можа прэтэндаваць грамадзянін не маладзейшы за 40 гадоў (раней было 35). Кандыдатам не зарэгіструюць грамадзяніна, калі ў мінулым у яго было замежнае грамадзянства або від на жыхарства ў іншай краіне. Акрамя таго, новы закон замацоўвае пажыццёвыя гарантыі для экс-прэзідэнта і членаў яго сем'яў.
"Вызначаецца, што прэзідэнт, які спыніў выконваць паўнамоцтвы ў сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі або стойкай недзеяздольнасці паводле стану здароўя ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта, валодае недатыкальнасцю", — казала ў пачатку снежня, прадстаўляючы дакумент у першым чытанні, кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Акрамя таго, яго нельга будзе прыцягваць да адказнасці за дзеянні, якія ён здзейсніў у сувязі з выкананнем прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.