Палітвязень і супрацоўніца "хіміі" пакахалі адно аднаго. Вось іх гісторыя

Яна папрасіла: "Абрамук, вы толькі не ўцякайце" / фота з асабістага архіва Дзмітрыя Абрамука
Яна папрасіла: "Абрамук, вы толькі не ўцякайце" / фота з асабістага архіва Дзмітрыя Абрамука

Жыхара Брэста Дзмітрыя Абрамука адправілі на "хімію" пад Віцебск — а ён сустрэў там каханне. Палітвязень пакахаў супрацоўніцу папраўчай установы і пагадзіўся расказаць Еўрарадыё сваю гісторыю.

Цяпер гэта мая нявеста. Мы абмяркоўвалі з ёй, яшчэ калі былі ў Беларусі: як толькі апынемся ў бяспецы, будзем расказваць пра нас. Па-першае, таму што гэтая гісторыя можа адкрыць вочы на супрацоўнікаў сістэмы — не ўсе яны вырадкі. Па-другое, каб падзяліцца сваім шчасцем, якое прыйшло, калі я быў у вельмі патавай сітуацыі.

Каханне вартае той цаны, якую заплаціў кожны з нас. Я заплаціў воляй, яна — сваёй працай.

Мы падлічылі, што за час нашага інтэрв'ю Дзмітрый вымавіў слова "каханне" пятнаццаць разоў.

 

Чэрвень. Яна папрасіла: "Абрамук, вы толькі не ўцякайце"

На "хіміі" Дзмітрыя палохалі "адной супрацоўніцай" — самай строгай і "правільнай" з усіх. Калі самога Дзіму перавялі ў ПУАТ №9 пад Віцебск, дзяўчына была ў адпачынку. Ён паспеў выбудаваць у сябе ў галаве вобраз "заўзятай лукашысткі".

Усе пужалі ёю: вось-вось выйдзе з адпачынку, сам убачыш. І я дачакаўся.

Прыгожая, усмешлівая, вельмі сур'ёзная дзяўчына. Яна строгая — але справядлівая і прафесіянал у сваёй працы.

Яна ішла ў гэтую сферу, каб дапамагаць людзям. Але аказалася, што занадта шмат каму пофіг, што адбываецца са зняволенымі, да іх ставяцца, як да быдла.

Яна была начальніцай спецаддзела. Вучылася ў Акадэміі МУС, ёй прадракалі павышэнне.

Але ўсё пайшло не так. Здарылася нашае каханне — і бясчынствы вакол нас.

Политзаключённый и сотрудница "химии" полюбили друг друга. Вот их история
Дзмітрый Абрамук / фота з асабістага архіва суразмоўцы Еўрарадыё

Здаецца, мы зламалі віцебскі ДВП. Усе ведалі пра нас, але ніхто нічога не мог зрабіць, ніхто не мог даказаць, што мы ў адносінах. Таму што мы паабяцалі, што не выдадзім адно аднаго, нават калі нас будуць катаваць.

 

Лістапад. "Я ішоў — такі шчаслівы. Мяне кахаюць!"

А потым перад Дзмітрыем замаячыла калонія.

Прыехалі кадэбэшнікі, забралі ў мяне тэлефон. Тады ўсім налева-направа давалі "фінансаванне экстрэмізму". І на мяне хацелі павесіць тое ж самае — я дапамагаў са зборамі.

Я патэлефанаваў ёй пасля допыту і сказаў: "Мяне могуць пасадзіць на 5 гадоў". Яна заплакала. Кажа: давай увечары стэлефануемся па відэа.

Тым вечарам Дзмітрый залез у закуток, з якога заўсёды размаўляў са сваёй дзяўчынай. І ўпершыню пачуў, што яна не закаханая ў яго — а кахае.

Да гэтага яна не казала — кахаю. А ў той вечар прызналася. Я ішоў — такі шчаслівы. Мяне кахаюць!

Яна казала: ты нічога дрэннага не зрабіў, проста такі час, што за добрыя справы могуць пасадзіць. І мы сышліся на тым, што за добрыя справы няцяжка і пасядзець.

Яна абяцала: я буду чакаць хоць 10 гадоў, мы ўсе зможам, мы праз усё гэта пройдзем. Яна вельмі моцна мяне падтрымлівала. Гэта важны, гэта вялікі чалавек для мяне.

І вось я іду, шчаслівы. І тут яна пытаецца: "Чаго ўсміхаешся? Дзе мая прапанова?" Я вярнуўся ў свой кут і спытаў: будзеш маёй жонкай? Гэта было 4 лістапада.

 

Студзень. "Я вырашыў: правяду з ёй тры апошнія дні, а потым сяду"

Адміністрацыя "хіміі" ўжо афармляла дакументы на "замену рэжыму" — Дзмітрыя павінны былі перавесці ў калонію на цэлы год.

Я вырашыў: ўцяку да яе перад этапаваннем у калонію. Правяду з ёй тры апошнія дні — а потым сяду. І тады мы пратрымаемся гэты год, каб потым быць разам.

Мы правялі з ёй тры цудоўныя дні.

Калі я вярнуўся на "хімію", мяне затрымалі, і з тых часоў пачалося: ШІЗА, ШІЗА, ШІЗА. Увогуле, 110 дзён да калоніі ў мяне было суцэльнае ШІЗА. А потым калонія.

Пасля прапановы рукі і сэрца дзяўчына вырашыла звольніцца. У снежні яна двойчы падавала рапарт на звальненне — і двойчы яго адхілялі. Ёй давялося проста пакласці дакументы на стол, каб яе звольнілі за прагулы, і выплаціць няўстойку за скасаванне кантракта.

А пазней Дзмітрый нават здолеў дастаць і пярсцёнак. Дзівам у яго атрымалася заказаць яго і перадаць дзяўчыне, калі яна ўжо звольнілася.

— А потым пачалося. Яе пачалі выклікаць на допыты. Калі прыстрашылі навесіць на яе дапамогу экстрэмістам, яна ўсё ж з'ехала з краіны. І тады мы страцілі сувязь.

У калоніі Дзмітрыя спрабавалі прымусіць прызнацца, што тыя тры дні ён правёў з начальніцай спецаддзела. Але ні Дзмітрый, ні сама дзяўчына так і не далі паказанняў адзін супраць аднаго.

 

Чэрвень 2023 года. "Яна кахае, я кахаю — мы шукаем спосаб сустрэцца"

Яшчэ паўтара месяца таму Дзмітрый сядзеў у ПКТ. За гады зняволення ён правёў 130 сутак у ШІЗА і 4,5 месяца — у памяшканні камернага тыпу. Зараз ён у бяспецы — аднаўляе падарванае падваламі здароўе.

Днямі праваабаронцы "Вясны" апублікавалі вялікае інтэрв'ю з Дзмітрыем пра час, праведзены на "хіміі" і ў калоніі. У ім Дзмітрый апавядаў пра тое, што не шкадуе пра той час, бо там, у ПУАТ №9 пад Віцебскам сустрэў каханне.

У дзень, калі Дзмітрый даваў інтэрв'ю праваабаронцам, ён думаў, што ўжо не пабачыць дзяўчыну, якую пакахаў і якой тады, у лістападзе, прапанаваў ажаніцца. Абодва ўцяклі з Беларусі і ў эміграцыі апынуліся ў розных краінах.

Але яна прачытала яго інтэрв'ю — і патэлефанавала. У момант, калі з Дзімам звязаліся карэспандэнты Еўрарадыё, ён быў вельмі шчаслівы:

— Яна выйшла са мной на сувязь. Мы разам. Яна кахае, я кахаю. Яна ў бяспецы, і я таксама ў бяспецы. Усё выдатна, і мы шукаем спосаб уз'яднацца.

І я веру, што ўсё скончыцца нашым уз'яднаннем. І яна ў гэта верыць. І тады ў мяне нават не будзе прэтэнзій да тых людзей: іх паганыя паводзіны прывялі да таго, што цяпер два чалавекі шчаслівыя.

І мы будзем расказваць нашу гісторыю, таму што яна вартая таго, каб расказваць  яе гучна, а не шэптам на кухні.

* * *

Мы хацелі звязацца з галоўнай гераіняй нашага артыкула, але яна пакуль не гатовая даваць інтэрв'ю.

— У мяне ўсё добра ў эміграцыі, тут мяне атачаюць толькі добрыя людзі. Я ў сапраўднай дэмакратычнай вольнай краіне, дзе можна дыхаць поўнымі грудзьмі, дзе любяць і шануюць кожнага грамадзяніна. Маёй Беларусі больш няма. І нават калі нешта ў краіне зменіцца, я туды не вярнуся. Я тут дома, тут мне вельмі добра.

Сёння ў нас застаецца толькі адно пытанне, якое трэба вырашыць: наша сустрэча. І яго мы таксама вырашым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі