Паляўнічая на педафілаў: У Беларусі абліваюць не мачой, а чаем

За “нібыта педафілаў”, якіх выкрываюць у відэазапісах суполкі “Акупай педафіляй”, заступіўся нават прэс-сакратар мінскай міліцыі. Днямі стала вядома і пра канкрэтную крымінальную справу, якую распачалі датычна дваіх “паляўнічых”.

Ёсць і іншы бок медаля. “Паляўнічыя” дэманструюць скрын-шоты перапісак, дзе падлеткам робяць канкрэтныя сексуальныя прапановы.

“Пацярпелыя” ад дзеянняў “паляўнічых” размаўляць з Еўрарадыё не захацелі. Затое выказалася актывістка суполкі “Акупай педафіляй”.

Студэнтка К. не так даўно стала паўналетняй, яна жыве ў адным з палескіх райцэнтраў. Яе паплечнікі “палююць” не толькі ў сваім горадзе, але і па ўсёй краіне.

Паляўнічая на педафілаў: “Першы выпадак быў такі. Аднаму нашаму 15-гадоваму хлопцу проста “УКантакце” напісаў мужчына з Гомеля. Таму было 44 гады. Пачынаў размову нармальна, называў падлетка “сябрам”, а потым пачаў прапаноўваць яму намёкамі  заняцца… ну, вы зразумелі чым. Сам гэты мужчына працаваў прадаўцом вопраткі. Прынадзе нашай ён, дарэчы, прывёз у падарунак дзве футболкі, падарыць хацеў. Гамяльчанін цікавіўся сексуальнай роляй хлопца (актыў той ці пасіў), абяцаў нават групавуху з мулатам”.

Еўрарадыё: І што, перапіска захавалася?

Паляўнічая на педафілаў: “Так. Ёсць і аўдыёзапісы, і відэазапісы. Хлопец папярэдзіў, што яму 15 гадоў. Але гамяльчанін усё адно захацеў прыехаць. І прыехаў. Пакуль ішлі, распавядаў пра нудысцкія пляжы ў Гомеля, дзе збіраюцца геі. Потым мы яго вылавілі, хоць асабліва не ведалі, як пісьменна дзейнічаць. Ён настойваў, што прыехаў проста пагуляць”.

Еўрарадыё: Вы яго білі?

Паляўнічая на педафілаў: “Не, і зімой голым бегаць не прымушалі, не схілялі піць мачу, як гэта робіцца ў Расіі.  Мы з ім пагаварылі і адпусцілі. Потым былі ў нас праблемы, пісалі з Гомеля і пагражалі, што нас пасадзяць, што накіруюць юрыстаў. Таксама нас хацелі падставіць гомельскія, прыязджалі помсціць, але ў іх не атрымалася”.

Еўрарадыё: Ці лавілі вы яшчэ некага?

Паляўнічая на педафілаў: “Так, аднаго вядомага дырыжора. На сайце знаёмстваў ён сам прапаноўваў сустрэцца з нашай прынадай, цікавіўся, ці ёсць месца для сустрэчы. Калі сустрэлася, дырыжор прасіў зрабіць усё хутка. Жывец паскардзіўся, што ніколі такога не спрабаваў. Дырыжор сказаў, што навучыць. Потым далучыліся мы. Пасля гэтага выпадку да нас наведвалася міліцыя, правяралі. Мы сказалі, што гэта пастаноўка. А дырыжор сам прапанаваў вырашыць нашы тэхнічныя праблемы: купіць камеру, штатыў і іншае. Таму відэа мы ў выніку не выкладалі”.

Еўрарадыё: А з мінскай суполкай, якую зараз прыціснулі, вы кантакт падтрымліваеце?

Паляўнічая на педафілаў: “Так. Іх група аказалася больш хадавой. А кіраўнік яе, Р., увогуле непаўналетні і пачынаў лавіць канкрэтна на сябе”.

Еўрарадыё: Але ж аблівалі “нібыта педафілаў” мачой…

Паляўнічая на педафілаў: “Р. расказваў, што насамрэч гэта быў чай, а не мача. Быў выпуск, з яўрэем-рамантыкам. І магло скласціся ўражанне, што яго трошкі прыціснулі. Але на многіх відэа відаць, што фізічнага ўздзеяння на злоўленых не было. У Беларусі іншыя правілы гульні, і такія метады ― небяспечныя”. 

Еўрарадыё: Складваецца ўражанне, што ўдзельнікі “Акупай педафіляй” прытрымліваюцца  нацысцкіх поглядаў…

Паляўнічая на педафілаў: “І нашы, і мінскія ― далёка не ўсе прытрымліваюцца такіх поглядаў. Многія нават не футбольныя фанаты”.

Еўрарадыё: Але чаму “паляўнічыя” ловяць менавіта геяў?

Паляўнічая на педафілаў: “Акупай педафіляй” ― арганізацыя расійская, яе стварыў  Цясак (шоўмэн неанацысцкіх поглядаў. ― заўв. Еўрарадыё ). Ён сам некалі лавіў на маленькіх дзяўчынак. Але тыя, што больш паглыблена вывучаюць тэму, сказалі мне, што Цясак адмовіўся лавіць на дзяўчынак, бо ён, як пракаментаваў, хоча такіх сам. Да таго ж некаторыя 13-гадовыя дзяўчынкі выглядаюць далёка не на 13. Але канкрэтна мы ўсё адно ловім на маленькіх дзяўчынак”.

Еўрарадыё: Дык якая ў вас пазіцыя па геях?

Паляўнічая на педафілаў: “У Расіі ёсць арганізацыя, якая ловіць малалетніх геяў, што выстаўляюць сябе на продаж. Але ў нас у Беларусі мала такіх. Тым не менш людзей нетрадыцыйнай арыентацыі многія ненавідзяць. Кажуць, з-за таго, што ненавіснікі ― самі латэнтныя геі, якія не хочуць  у гэтым прызнавацца”.

Еўрарадыё: Пасля таго як на “паляўнічых” звярнула ўвагу міліцыя, ці змянілі вы пункт гледжання наконт метадаў барацьбы?

Паляўнічая на педафілаў: “Я лічу, што з педафіламі трэба камунікаваць, праводзіць прафілактычныя гутаркі. Калі іх абліваюць мачой, гэта дарма. Праблема, што замала ўвагі педафілам надаюць у праваахоўных органах. Для міліцыі інтэрнэт-перапіска ― гэта не доказ. Але ці правільна гэта? Замест таго, каб заняцца інтэрнэтам, яны чакаюць выкліку: “Мужчына згвалціў маленькага хлопчыка ці дзяўчынку”. У інтэрнэце дзеецца распуста. На дзяцей ціснуць, прапаноўваюць грошы за сэкс, абяцаюць, што ім спадабаецца. Гэта звычайная псіхалогія. Мы ж спрабуем змагацца з педафіліяй у інтэрнэце, пакуль пасіўнічаюць праваахоўныя органы”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі