Пакараўшы беларускіх “гамафобаў у масках”, Віталь Гуляк засуджвае польскіх

Дваіх “паляўнічых на педафілаў” асудзілі за абразу і распаўсюджванне асабістых звестак наконт іх ахвяры ― гея Віталя Гуляка. Вердыкт быў вынесены судом Фрунзенскага раёна Мінска ў чацвер. Сяргею Г. і Аляксандру Б. далі па пяць мільёнаў рублёў штрафу. А таксама прыплюсавалі да гэтага недаадбытыя тэрміны з крымінальных пакаранняў, якія раней адмянілі за добрыя паводзіны. Адзін “паляўнічы” адбудзе 6 месяцаў і 12 дзён “хатняй хіміі”, другі ― 4 месяцы і 13 дзён. Яшчэ двое “паляўнічых” на судзе не прысутнічалі і былі аб’яўленыя ў крымінальны вышук.

Пра іншыя судовыя працэсы  такога кшталту ў Беларусі раней вядома не было. Нагадаем, што Віталь Гуляк праз інтэрнэт пазнаёміўся з 16-гадовым хлопцам , які апынуўся прынадай. Дамовіліся сустрэцца ў Мінску.  Замест рамантыкі Віталь сутыкнуўся з “паляўнічымі” ў масках. Яны "правучылі" гея пры дапамозе абразаў і гумовага фаласа, якім білі па твары. Відэаролік выклалі ў сеціва. Меркаванні грамадства наконт амаральнасці гэтага відэа падзяліліся. Адныя “паляўнічых” крытыкавалі, іншыя ― падтрымлівалі.

“У прынцыпе, з такім прысудам я згодны, хоць штраф можна было, напэўна, зменшыць. Лічу, што ісцец, калі меркаваць з грамадзянскай пазіцыі, не меў рацыі, ― дзеліцца ўражаннямі з Еўрарадыё Сяргей Г., адзін з асуджаных. ― Спадзяюся, наша заканадаўства будзе змененае ў больш жорсткі бок, і людзей, якія прыцягваюць да сексу тых, хто не дасягнуў 18 гадоў, будуць судзіць. Я лічу, што у 16 і 17 людзі не могуць адказваць за свае дзеянні. У іх не сфармаваны маральны пункт гледжання на гэты свет”.

Нагадаем, што, паводле дзейнага заканадаўства, мець сексуальныя адносіны не забараняецца, калі партнёру споўнілася 16 гадоў. Пасля выпадку з Віталём Гуляком і некаторых скандальных сітуацый ва Украіне і Расіі “паляўнічыя на педафілаў” пачалі лавіць на 15-гадовыя прынады, каб “ахвяра” на 100% выглядала амаральнай.

“Тым не менш ёсць звесткі, што калі педафілы і шукаюць свае ахвяры, то ў пераважнай большасці не праз інтэрнэт. Ці перагледзелі вы пасля суда свае метады барацьбы?” ― цікавімся ў асуджанага.

Сяргей Г.: “Пагаджуся, што бытавы гвалт вельмі распаўсюджаны ў постсавецкіх краінах, ды і па ўсім свеце. Тым не менш педафілы, якія дзейнічаюць праз інтэрнэт, ёсць, і іх спробы трэба спыняць. Калі б наша заканадаўства было дасканалым, то не з’яўлялася б такіх грамадскіх груп, якія спрабуюць з гэтым змагацца. Калі заканадаўства зменяць, то і групы знікнуць”.

Удзельнікі “Скуранога мікрафона”, калі пачыналі сваю дзейнасць, раіліся наконт метадаў барацьбы з Максімам Марцінкевічам ― арганізатарам расійскай суполкі “Акупай педафіляй”, якую крытыкуюць за неанацысцкія схільнасці. Потым дзейнічалі аўтаномна. Паводле словаў асуджанага, у суполку ўваходзілі людзі розных палітычных поглядаў.

Праваабаронца Наталля Манькоўская аналізуе, што ўдзельнікі суполкі “Скураны мікрафон” атрымалі мінімальныя пакаранні, але і гэта лічыць поспехам.

Наталля Манькоўская: “Лічу, што гэты выпадак паслужыць урокам тым, хто бярэ на сябе неўласцівыя функцыі, учыняе самасуд і аб’яўляе “свяшчэнныя войны” пэўным групам людзей, якіх прызначылі ізгоямі. Паказальны факт: абодва абвінавачаныя ― раней судзімыя. Адзін з іх ― неаднаразова”.

Пасля перамогі ў крымінальнай справе Віталь Гуляк збіраецца засудзіць дваіх польскіх хлопцаў, якія яго абразілі.

“Я навучаюся ў Польшчы, дзе здымаю пакой у кватэры. Нейкім чынам мае сужыцелі даведаліся, што я гей, ― распавядае Віталь Гуляк пра завядзенне крымінальнай справы ў Польшчы. ― Гэта здарылася ўвесну гэтага года, у адну ноч. Аднойчы хлопцы падпілі і на ўсю кватэру а трэцяй ночы ўключылі тэлевізар, я зрабіў заўвагу і патэлефанаваў уладальніку кватэры. За гэта на мяне пачалі кідацца з кулакамі, ламацца ў пакой, абражаць. На дзвярах напісалі па польску “Пі….сы, прэч!” А раніцай я перачакаў, пакуль яны выйдуць з кватэры, сам пайшоў на вучобу, а пасля ― у паліцыю. Спачатку да мяне паставіліся холадна, справе ходу не далі. Тады я звярнуўся да юрыстаў, якія дапамаглі скласці пісьмовую скаргу ў пракуратуру. У выніку па факце абразы распачалі крымінальную справу, якую таксама цяпер разбіраюць у судзе”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі