Пацярпелы гей распавёў, як давёў да суда гамафобаў у масках

Той самы гей, які давёў да лавы падсудных сваіх крыўдзіцеляў, — Віталь Гуляк з Ваўкавыска. Пра яго гісторыю паведамляў прэс-сакратар мінскай міліцыі, які нядаўна “выняў з пятлі” яшчэ аднаго пакрыўджанага на дзеянні “антыпедафільнай суполкі” грамадзяніна.    

Пасля таго як на Еўрарадыё выйшла гутарка з актывісткай беларускай суполкі “Акупай педафіляй”, Віталь звязаўся з рэдакцыяй і распавёў падрабязнасці свайго збіцця і судовых разбіральніцтваў, якія пасля гэтага здарыліся.

“Яны лавілі мяне на 16-гадовага. А я ведаў, што законам такія сувязі не забараняюцца. Таму і пайшоў на гэту сустрэчу”.

Аказалася, што хлопчык, з якім ён пазнаёміўся ў інтэрнэце, — прынада. І Віталя “сустрэлі” ў Мінску ўдзельнікі суполкі “Скураны мікрафон”, абвінавацілі ў педафіліі, збілі і знялі на відэа. Гей звярнуўся ў міліцыю.

“Спачатку мне адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Толькі аднаго з іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, далі мільён штрафу, ― працягвае Віталь Гуляк. ― Усё доўга цягнулася, мы пісалі скаргі ― на суддзю, на начальніка Фрунзенскага РАУС. Гамафобы мяне білі па твары, ішла кроў з носа, былі зафіксаваны цялесныя пашкоджанні. Быў цэлы букет падставаў для крымінальных артыкулаў. У выніку справа была распачатая. Падчас суда стала вядома, што яны таксама перадалі матэрыялы супраць мяне камусьці з чыноўнікаў у Фрунзенскім раёне. Высветлілася, што ён мае такое самае прозвішча, як і адзін з тых, што на мяне нападаў. Калі мы задалі ў судзе пытанне, як такое магло атрымацца, яны пачалі пратэставаць, што гэта не мае дачыненне да справы. Мо таму справа так доўга цягнулася”.

Еўрарадыё: У чым абвінавачваюць тых, хто на вас напаў? Дзе яны цяпер знаходзяцца?

Віталь Гуляк: “Па артыкулах “Абраза” і “Незаконны збор і распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці”. Калі мы праглядалі матэрыялы справы, апынулася, што людзі былі з крымінальным мінулым. Аднаго судзілі за распаўсюджванне забароненых рэчываў. Толькі адзін з усёй групоўкі не меў крымінальнага мінулага. Злавілі толькі чацвярых, двое знаходзяцца ў вышуку. Аднаго прывозяць у суд пад міліцэйскім канвоем, бо ён зняволены па нейкай іншай справе. Не павінны такія акцыі ладзіць валанцёры, нефармальныя групоўкі. Я супраць педафіліі, але выкрываць такіх злачынцаў павінны спецыялісты ― праваахоўнікі, псіхолагі. Неанацысцкія і паўфашысцкія групоўкі гэта рабіць не павінны. У іх насамрэч іншыя мэты. Педафілы ― гэта прыгожая гісторыя, зачэпка, піяр. Натуральна, што грамадства выступае супраць гэтага. Справа як бы і высакародная, але папахвае іншым. Сёння ловяць педафілаў, заўтра гомасексуалаў, паслязаўтра ― яўрэяў”.

Еўрарадыё: Як вы сябе цяпер адчуваеце? Ці змянілася жыццё пасля таго, як у сеціва выклалі відэа?

Віталь Гуляк: Роліка ўжо даўно няма. Але я вам скажу, што адчуваю сябе некамфортна. Пасля той сітуацыі я страціў некаторых сяброў. Часам баюся з’яўляцца ў грамадскіх месцах. Адчуваю, што яны могуць адпомсціць. Але ж мяне многія і падтрымлівалі”.

Еўрарадыё: Ці здаралася такое, каб з прычыны вашай арыентацыі вас яшчэ некалі зневажалі, збівалі?

Віталь Гуляк: “Не, больш такога не было. Я сваю арыентацыю ніколі не афішаваў, але і не ўтойваў, калі пра гэта заводзіліся размовы. Праўда, і жыў я працяглы час у Польшчы, скончыў там універсітэт”.

Еўрарадыё: А як у Польшчы? Інакш ставяцца да геяў ці не?

Віталь Гуляк: “Ёсць нейкае падабенства з Беларуссю. Але там больш адкрытае грамадства. Стаўленне да сексуальных меншасцяў у Польшчы змянілася. Хоць пытанне залежыць ад месца, дзе жывеш. У малым горадзе стаўленне можа быць іншае. У студэнцкім асяродку сталіцы ― нармальнае. Гэта зусім іншае грамадства ― культура, менталітэт. У Польшчы выяўленнем педафілаў займаецца сама паліцыя, а не такія групоўкі. Хоць насамрэч педафілы дзейнічаюць найчасцей інакш, шукаюць ахвяр не праз інтэрнэт. У нас у Ваўкавыску бывалі выпадкі, калі педафілы лавілі дзяцей недзе за гаражамі, заваблівалі цукеркай”.

Гісторыя Віталя Гуляка ― адзіны вядомы прэсе выпадак, калі “паляўнічыя на педафілаў” займелі праблемы з законам. Шмат у чым ролю тут адыграў аператыўны зварот пацярпелага да людзей, якія разбіраюцца ў законах. 

“Як павінен дзейнічаць грамадзянін, які трапіў у такую ж сітуацыю, як Віталь Гуляк?”, ― цікавімся ў Наталлі Манькоўскай, праваабаронцы, якая курыруе гэту крымінальную справу.

“Алгарытм тут даволі просты: варта звяртацца ў праваахоўныя органы, дзе правядуць неабходныя следчыя дзеянні. Калі даваць агульныя рэкамендацыі, у першую чаргу ― нельга саромецца, нельга думаць, што вы такі ўнікальны і ніхто больш з такой праблемай не сутыкаўся. Калі чалавек упэўнены, што не зрабіў процізаконнага і супраць яго здзейснілі правакацыю, то тыя людзі павінны несці адказнасць. Таксама рэкамендую скарыстацца падтрымкай пісьменнага чалавека, які можа пракансультаваць, аказаць іншую прававую дапамогу. Гэта адвакаты, праваабаронцы”.

Еўрарадыё: Якая ваша пазіцыя наконт тых людзей, якія пагаджаюцца ў інтэрнэце сустракацца з малалетнімі?

Наталля Манькоўская: “Цікава ставіце пытанне. Я супраць самасуду, нават калі грамадзяне лічаць, што чалавек паводзіць сябе, на іх думку, няправільна. Для гэтага ёсць праваахоўныя органы, адпрацаваныя механізмы. Калі чалавек пагадзіўся на такую сустрэчу і яго збілі, то адназначна тыя, хто справакаваў, парушылі закон. Уступленне ў інтымныя ўзаемаадносіны з малалетнімі, ― гэта крымінальнае злачынства. А як ставіцца да чалавека, які толькі нешта планаваў, уступіў у перапіску? Па законе ― злачынства яшчэ не было. Мой пункт гледжання такі: ёсць змяшчэнне акцэнтаў з рэальнай праблемы на вось такія публічныя, вельмі яркія, эмацыйныя факты, калі нехта некаму ў інтэрнэце прапанаваў інтым. 70% злачынстваў у дачыненні да малалетніх здзяйсняецца ўнутры сям’і. Мне здаецца, статыстыка паказвае, што выпадкаў разбэшчвання малалетніх пры дапамозе інтэрнэту ― меншасць. Галоўная ж праблема (гвалт над дзецьмі ў сем’ях, у тым ліку сексуальны гвалт) насамрэч пакуль замоўчваецца і замыльваецца”. 

Фота са старонкі ў сацыяльных сетках Віталя Гуляка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі